Па слядах імператарскіх землямераў, або Якімі былі вёскi i маёнткi Віцебшчыны 250 гадоў таму назад

Печать

Ці задумваліся вы, гуляючы па гарадскіх вуліцах альбо вясковых сцяжынках, пра тое, што знаходзілася на гэтым месцы 250 гадоў таму назад? Калі так, то адказаць на ваша пытанне змогуць старадаўнія чарцяжы, якія захоўваюцца ў беларускіх і расійскіх архівах.

План маёнтка Чарнаручча Бабінавіцкага павета Магілёўскай губерні

Пачатак гісторыі іх стварэння сягае ў 1770-я, калі ўсходняя частка Рэчы Паспалітай, а значыць і ўсходняя Віцебшчына, была далучана да Расійскай імперыі. Дзеля ўпарадкавання межаў зямельных уладанняў і ўдакладнення колькасці падатковага насельніцтва, паводле загаду імператрыцы Кацярыны ІІ, тут было распачата гэтак званае генеральнае межаванне. У паветы новаствораных губерняў накіроўваліся землямеры, якія сабралі звесткі пра ўсе вёскі і маёнткі. На шчасце, вялікая колькасць чарцяжоў, створаных імі, захавалася да нашага часу. Кожны з дакументаў – своеасаблівы твор мастацтва, бо на паперу каляровым чарнілам і фарбамі нанесены пасяленні, сцежкі, палеткі, лясы, хмызнякі, рэчкі. А яшчэ на чарцяжах пазначана, якую плошчу займалі зямельныя ўгоддзі, які памешчык тут валадарыў і колькі ён меў “душ мужчынскага і жаночага полу”. Але каб здабыць гэтыя звесткі, трэба папярэдне разблытаць мудрагелісты почырк пісараў канца XVIII стагоддзя.

Сёння вялікая колькасць чарцяжоў захоўваецца ў Маскве – у Расійскім дзяржаўным архіве старажытных актаў. Дарэчы, на афіцыйным сайце гэтай установы змешчаны пералік усіх карт па Віцебскай і Магілёўскай губернях, якія там захоўваюцца, так што пачаць пошукі можна нават дома перад камп’ютарам. Некалькі карт у свой час патрапіла і ў Дзяржаўны архіў Віцебскай вобласці. У прыватнасці – чарцяжы з адлюстраваннем зямлі сёл Андронавічы і Узлаева, маёнтка Цялятнікі Віцебскага павета за 1784 –1785 гады, Глазміцкага пагоста Веліжскага павета за 1785-ты, вёсак Азёрнікі, Ахрэмцы, Балабошні, Бажотнікі, Барсукі, Белавусава, Васілёнкі, Выдра, Дзербалі, Ермакі, Калатовіна, Кастрыца, Трэскавічы Дрысенскага павета (Верхнядзвінскі раён) за 1785 і 1787 гады. Тры чарцяжы маецца і па Полацкім павеце: па вёсках Арцёхі, Брункі, Пагарэлы за 1785-ты.

Чарцёж маёнтка Цялятнікі Віцебскага павета

На чарцяжы маёнтка Цялятнікі, зробленага ў 1785 г., бачна, што да яго адносіліся вёскі Якушы, Камары, Віраб’і, Шаўнікі, Рудакі, Башкі, Паплапічы, Луцікі, Ступішчы і, натуральна, цэнтр маёнтка – сяльцо Цялятнікі, дзе знаходзіўся гаспадарскі двор і якое дало назву ўсяму маёнтку. Усе вёскі мясціліся ўздоўж “дарогі з горада Сянна ў горад Віцебск”, якую чарцёжнік так і падпісаў, яны складаліся з адной-дзвюх, толькі асобныя – з трох вуліц, што было цалкам натуральна для таго часу. А ў Камарах і Рудаках яшчэ стаялі корчмы. У кожнай з вёсак жыло па некалькі дзясяткаў чалавек: напрыклад, у Башках – 37 мужчын і столькі ж жанчын, у Рудаках – 38 сялян і 42 сялянкі, а ў Ступішчах – значна менш (15 мужчын і 13 жанчын).

Канстанцін Карпекін, галоўны захавальнік фондаў Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці

Поделиться новостью в социальных сетях:


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны