Добры рамеснік на жыццё заробіць, упэўнены малады майстар разьбы па дрэве з Паставаў Іван Андрушкевіч

Печать

Шукаючы патрэбны адрас, блукала сярод вулачак і перавулкаў прыватнай забудовы ў Паставах. Разглядала ўладкаванне двароў, кветнікі. Мінаючы дом пад нумарам
28 па вуліцы Кірава, спачатку ўбачыла стос дошак, раскіданых ля плоту бярвенняў.

Першая думка: гаспадары распачалі будаўнічыя работы. І сапраўды ў глыбіні двара ўжо праглядаў каркас будыніны, побач з якім стаяла штосьці казачна-фантастычнае. Галіны дрэў перапляліся ў неверагодным узоры, як магло быць толькі ў дрымучым лесе. Але ланцужкі, што звісалі з перакладзіны, падказвалі: гэта будуць арэлі. І яны не адзінае, што здзівіла. У двары было шмат таго, што хацеў бы мець на сваім панадворку ці на дачы, напэўна, кожны.

Аказалася, што жыве тут унікальны малады майстар разьбы па дрэве Іван Андрушкевіч. Гаспадара дома не было. Як патлумачыла жонка, павёз у Мядзел заказ, вернецца бліжэй да вечара. Таму пазнаёміцца давялося пазней, перагартаць стос фотаздымкаў работ, зробленых яго рукамі, распытаць пра жыццё-быццё, пра тое, ці можа пракарміць рамесніцтва. Ведаю шмат таленавітых людзей, для якіх рамяство – хобі, і толькі некаторыя з іх зарабляюць такім чынам на жыццё. Трэба прапанаваць рэч прыгожую і разам з тым прыгодную для штодзённага выкарыстання, якая разам з тым ёсць толькі ў цябе. Вось гэту нішу і заняў Іван Андрушкевіч. Унушальныя па памеры і выгля­дзе арэлі і гульнявыя домікі, таўшчэзныя лаўкі і сталы, жытло для сабакі – сапраўдны маёнтак, які язык не павернецца назваць будкай. У асартыменце: шатры на калодзеж, цуда-прыбіральні, барныя стойкі, вулічная мэбля — усё выканана ў рустыкальным стылі. А фантазіі майстру, як бачна, не займаць, і цяжка паверыць, што ён абыходзіцца самымі простымі інструментамі – бензапілой, шліфавальнай машынкай і пульверызатарам. Ланцуг пілы, як пэндзаль у мастака, стварае на распіле ўзор, надае яму аб’ём – і літаральна на вачах з’яўляецца вінаградная лаза. Спінка лаўкі захавае выгін, які меў ствол дрэва, сукі яго сплятуцца ў мудрагелісты ўзор сценак арэляў, альтанак. Майстар адчувае дрэва, а яно паслухмяна кладзецца ў задуманы ім выраб.

Лес заўсёды вабіў Івана. У дзяцінстве, калі блукаў па ім з дзядулем у пошуку грыбоў, глядзеў часцей уверх, чым пад ногі. Калі прыйшла пара выбіраць прафесію, паступіў у Полацкі лясны тэхнікум. Пасля працаваў у лясгасе, наступнае месца работы было звязана з дрэваапрацоўкай – праўда, прамысловай. Інтарэс да рамесніцтва, да сваёй справы прачнуўся, калі купіў свой дом. Будынак патрабаваў прыкладання рук. Зрабіў адно, другое – і пайшло. Тое-сёе выставіў на продаж. Не адразу ўсё складвалася, як разлічваў. Спатрэбіўся час, каб весткі пра адмысловага майстра разышліся. А цяпер зрабіць заказ прыязджаюць да яго ў Паставы з усіх канцоў краіны. Іван працуе толькі пад заказ, недахопу ў кліентах не адчувае – тых, хто цэніць натуральны матэрыял і арыгінальнасць выканання вырабу.

Гэтым летам у Івана з’явіўся вучань, былы яго напарнік па ранейшым месцы працы. Майстар вучыць яго таму, што ўмее сам. Але адна справа – асвоіць распілоўку, шліфаванне, фарбаванне, і зусім іншае, калі прырода адорвае чалавека мастацкім густам, уменнем бачыць і ствараць прыгажосць. У гэтым плане Іван чалавек багаты. У галаве нараджаюцца вобразы, вочы бачаць, якое дрэва падыдзе для рэалізацыі, рукі ўмеюць апрацаваць яго. Так нараджаецца, скажам, гульнявы домік, найбольш папулярны ў дзятвы. Кожная рэч арыгінальная, бо нельга знайсці ў прыродзе абсалютна роўныя дрэвы.

– На хлеб з маслам для сям’і заробкаў хапае, – кажа Іван. – Спадзяюся, што так будзе і далей.

Фота Тамары ПАШКЕВІЧ.

 

Поделиться новостью в социальных сетях:


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны