Уладзімір Квашко з Сянна адрадзіў Глухароўскую свістульку, якой нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці

Печать

Украінец Уладзімір Квашко з Сянна адрадзіў мясцовую Глухароўскую свістульку, якой у шэрагу гліняных вырабаў яшчэ сямі майстроў народнай творчасці Віцебшчыны Міністэрствам культуры Беларусі нядаўна нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Уладзімір Іванавіч родам з Сумскай вобласці Украіны, дзе працаваў мастаком-афарміцелем на чыгунцы. У 2000 годзе разам з таварышам зацікавіўся керамікай, набылі ганчарны круг. Праз год прыехаў у Сянно ў госці да роднага брата. Зайшоў на выставу ў Дом рамёстваў, каб пазнаёміцца з вопытам мясцовых майстроў. Тут і застаўся, сустрэўшы свой лёс.

Па словах дырэктара Сенненскага Дома рамёстваў Вольгі Квашко, адраджэнне вобразаў і тэхналогіі вырабу Глухароўскай свістулькі пачынала ў 2007-м майстар Інэса Сапраненка. Праз сем гадоў эстафету пераняў Уладзімір Квашко пры актыўнай падтрымцы вядучага метадыста абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Людмілы Вакар. Яна асабіста ведала ганчара былога цагельнага завода Сенненскага філіяла Віцебскага вытворчага аб’яднання будаўнічых матэрыялаў Генадзя Глухарова. Перадавік вытворчасці ў 1980-х удзельнічаў у Выставе дасягненняў народнай гаспадаркі СССР, ва Усесаюзным фестывалі народнай творчасці.

Тры гады запар Уладзімір Квашко прадстаўляў свае вырабы на суд журы конкурсу “Салавейка”, які праходзіць у рамках міжнароднага фестывалю “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне”. І ўсё безвынікова, форма не паддавалася. Было шмат перажыванняў, але работа працягвалася. Нарэшце ў 2017-м кампетэнтныя спецыялісты ацанілі простасць і архаіку сямі вобразаў: два варыянты коніка, барана, сабакі, парсючка, жаўрука і паўліна. Дарэчы, апошні не мае аналагаў. Уладзімір Квашко атрымаў Гран-пры. Такім чынам пачалося новае жыццё Глухароўскай свістулькі. Зараз яе ведаюць за межамі рэгіёна. Напрыклад, калі Сенненскі Дом рамёстваў удзельнічаў у Магілёве ў V форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі, яе набыў мясцовы абласны краязнаўчы музей. Кожны жадаючы можа купіць гліняную цацку, якая з часоў далёкай старажытнасці выкарыстоўвалася як абрадавы і магічны інструмент.

Уладзімір Квашко вядзе два кружкі па кераміцы для малодшых і старшых школьнікаў. Магчыма, хтосьці з вучняў працягне ганчарныя традыцыі Сенненшчыны.

Фота аўтара.

Поделиться новостью в социальных сетях:


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны