«Усе мышы любяць сыр»: на сцэне Коласаўскага тэатра з’явіўся новы спектакль

Печать

На камернай сцэне Коласаўскага тэатра з’явіўся новы спектакль. У афішы жанр пазначаны як рамантычная казка для дзяцей і дарослых. Ужо некалькі гадоў запар у тэатры iснуе традыцыя сямейнага паказу дзіцячых спектакляў. Зазвычай яны ідуць па суботах. Атмасфера на такіх пастаноўках асаблівая, больш цёплая, утульная, спрыяльная для ўспрымання драматычнага твора.

На гэты раз увазе прапанавана п’еса сучаснага венгерскага драматурга Дзьюлы Урбана (ён вядомы як аўтар другой казкі «Блакітны шчанюк», па якой створаны папулярны мультфільм) «Усе мышы любяць сыр». Яе галоўныя героі – два вясёлыя мышаняты, Фружы і Шома. Яны маглі б сябраваць і кахаць адно аднаго, але перад імі ўзнікае сур'ёзная перашкода: Фружы – белага колеру, а Шома — шэрага. Гэта розніца бачна ўсім, і асабліва – бацькам герояў, якія бясконца спрачаюцца адно з адным і са сваімі дзецьмі. Але, на шчасце, на дапамогу мышанятам прыходзіць Ізольда — Вялікая Чараўніца-Кошка. У фінале ўсё ўстае на свае месцы, і героі знаходзяць шчасце. Бо насамрэч колер не важны, а важна, што ўсе мышы без выключэння любяць сыр!

«Усе мышы любяць сыр» паставіў заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Грушоў, які, апрача сваёй асноўнай прафесіі, яшчэ актыўна займаецца і рэжысурай. Спектакль атрымаўся добрым, а па форме вельмі лёгкім, ігравым. У ім багата песень (якія, дарэчы, артысты спяваюць ужывую) і танцаў. Афармленне даволі ўмоўнае і лаканічнае. Паколькі дзеянне адбываецца ў сыраварні, то можна ўбачыць гэты ўлюбёны мышамі прадукт усюды і ў самых розных «фарматах». Ён нават можа быць у форме мяча, якім гуляюць персанажы.

У спектаклі заняты артысты розных пакаленняў коласаўцаў. На прэм’еры адбыўся даволі ўдалы дэбют Таццяны Рогат, якая толькі ў гэтым сезоне паступіла ў трупу, – яна стварыла вобраз Фружы.

Юрый Іваноўскі, Віцебск. Фота Таццяны Гаравой.

Поделиться новостью в социальных сетях:


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны