Сацыяльны работнік з Пастаўскага раёна Таццяна Аліхер: "З падапечнымі мне пашанцавала"

Печать

– Раіла б напісаць пра Таццяну Аліхвер (на фота),– сказала інспектар па асноўнай дзейнасці Пастаўскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ала Свілёнак. – Яна адна са старэйшых нашых работніц, сёлета будзе 20 гадоў, як аказвае сацыяльныя паслугі састарэлым людзям. Ужо сам стаж у гэтай сферы дае разуменне, што ў жанчыны характар зычлівы. Дарэчы, з хвіліны на хвіліну яна павінна зайсці да мяне, ёсць патрэба ўдакладніць пэўныя моманты абслугоўвання падапечных. У яе і распытаеце пра работу.

І сапраўды, праз некалькі хвілін у кабінет зайшла маладая жанчына. Калі б не ведала часу яе работы толькі ў тэрытарыяльным цэнтры, ніколі не здагадалася б пра яе сапраўдны ўзрост, пра што і сказала Таццяне Паўлаўне.

– Усім жанчынам, што жадаюць добра выглядаць, дам параду: больш хадзіце, менш раздражняйцеся – і без касметыкі будзеце прывабнымі, – аджартавалася яна.

А хадзіць Таццяне Аліхвер даводзіцца многа. Апякае адзінаццаць чалавек, чатыры з якіх інваліды першай і другой груп. Па графіку работы наведвае пяць дамоў у дзень, каго два разы на ты-
дзень, каго тры і нават чатыры. Але як абмежаваць паслугі толькі тымі, што вызначаны службовай інструкцыяй, як растлумачыць суседкам, чаму адну з іх наведвае часцей, а другую менш? Таму ў кожным доме Таццяна стараецца выканаць усе пажаданні сваіх падапечных ці пасадзейнічаць у іх рэалізацыі. Напэўна, за ўсё гэта, а таксама за спагадлівасць, увагу і павагу і цэняць яны сваю дзяржаўную апякунку.

– За два дзесяцігоддзі не было выпадку, каб хтосьці паскардзіўся на сацыяльную работніцу ці наогул папрасіў замяніць на іншую. Наадварот, ёсць прыклад, калі яе прасілі вярнуць, – падкрэсліла Ала Свілёнак.

Справа ў тым, што адна з падапечных Таццяны Паўлаўны – Альберта Рачыцкая – атрымала першую групу інваліднасці, а разам з ёй і права на персанальнага даглядчыка і штодзённае абслугоўванне. Даглядаць жанчыну стаў спецыяльны чалавек. Але праз некаторы час Альберта Паўлаўна папрасіла вярнуць ёй Таццяну Аліхвер. Згадзілася на яе чатыры візіты на тыдзень, але толькі б прыходзіла яна.

Вось цяпер чатыры разы, а здараецца і больш, рабочы дзень Таццяны Паўлаўны пачынаецца з візіту да Альберты Рачыцкай. Прынясе дроў, вады, натопіць печ, прыбярэ, прыгатуе ежу.

– Альберта Паўлаўна, нягледзячы на ўзрост, хваробы, жанчына спакойная і добразычлівая. Яе любяць блізкія, рэгулярна прыязджаюць дзеці, прыходзіць брат. І я да яе бягу з ахвотай і радасцю, – прызналася сацыяльная работніца. – Дарэчы, мне з падапечнымі пашанцавала – з усімі ладжу, і яны, калі меркаваць па водгуках, маёй работай задаволены.

Дзённы маршрут Таццяны складае з дзясятак кіламетраў. Гэта калі абслугоўвае варапаеўскіх падапечных. А яны ёсць у яе і за 4 км ад гарадскога пасёлка, у вёсцы Кезікі. Да іх звычайна адпраўляецца на веласіпедзе.

Ад Таццяны Паўлаўны можна падзараджацца аптымізмам. Без яго ды без спагадлівага сэрца ў сацыяльнай службе не затрымаешся. А калі за плячыма два дзесяцігоддзі работы ў ёй, значыць, перад табой чалавек міласэрны. Сумнявацца ў гэтым не даводзіцца.

Тамара ПАШКЕВІЧ, фота аўтара.

Поделиться новостью в социальных сетях:


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны