Тэма народнага гераізму знайшла глыбокае адлюстраванне ў Валынецкім краязнаўчым музеі

Печать

Аграгарадок Валынцы — адно са старэйшых пасяленняў на Верхнядзвіншчыне. Пра яго гісторыю са старажытных часоў да нашых дзён можна даведацца ў мясцовым музеі.

У некалькіх пакоях на другім паверсе Дома культуры месцяцца багатыя на дакументы, экспанаты і фотаздымкі экспазіцыі. Захавальніца фондаў Ларыса Вайноўская (на фота злева) з ахвотай дапамагае наведвальнікам паглыбіцца аж у VIII стагоддзе, паказвае рэдкія рэчы, знойдзеныя ў могільніках перыяду VIII – XIII стагоддзяў і падчас раскопак археалагічных помнікаў больш позняга часу, расказвае пра перыяды росквіту і слаўныя старонкі роднай вёскі і яе цяжкія перыяды, звяртае ўвагу на макет кляштара работы мясцовага ўмельца, партрэт Івана Чэрскага, імя якога, дарэчы, носіць краязнаўчы музей.

– Кожны экспанат у музеі, – падкрэслівае Ларыса Леанідаўна, – заслугоўвае ўвагі.

Напэўна, як падалося, найбольш глыбокае адлюстраванне знайшла ў музеі тэма народнага гераізму. У гады Айчыннай вайны 1812 года Дрысеншчына, дзе дзейнічаў 1-ы корпус генерала Вітгенштэйна, стала ў сапраўднасці тым лагерам, які закрыў дарогу французам на Пецярбург.

14 ліпеня 1812 года ў Валынцах размясціліся штаб і авангард генерал-маёра Я. П. Кульнева і полк генерала Балка. Праз два дні адсюль войскі накіраваліся да вёскі Філіпова, дзе далі першы бой на тэрыторыі Дрысенскага павета. Памяць пра тыя гераічныя і трагічныя дні гісторыі захоўваецца на валынецкай зямлі.

Тут можна даведацца і пра ўдзел мясцовых жыхароў у барацьбе з фашызмам. Пра тое, як раніцай 10 ліпеня 1941 года байцы 98-й дывізіі занялі рубеж абароны на падыходах да Валынцаў. Дзевяць разоў на працягу дня фашысты атакавалі пазіцыі 385-га палка. Самалёты праціўніка групамі па 30 – 40 юнкерсаў вялі бамбардзіроўку нашых пазіцый.

Затым рушылі каля 30 танкаў, за танкамі – кулямётчыкі. Гэта была 14-я матарызаваная дывізія праціўніка. Сілы былі няроўныя, і 98-я дывізія адышла на ўсход… Шмат дамоў было разбурана, жыхары разам з жывёлай хаваліся ў кляштары.

Восенню 1941-га немцы стварылі гета, куды сагналі ўсё яўрэйскае насельніцтва Валынцаў. У экспазіцыі змешчана сведчанне А. Шавярдука, які расказвае пра страшны дзень расстрэлу: «20 лютага 1942 г. быў кірмаш. Прыехалі на машыне эсэсаўцы, апранутыя ў скураныя паліто, з аўтаматамі і ў касках. Акружылі гета, выгналі яўрэяў з дамоў і павялі да выкапанай ямы. З гандлёвай плошчы на гары людзям гэта было добра бачна, нават чуваць плач і стогны. Фашысты расстралялі людзей, а паліцаі засыпалі яму зямлёй, хоць там былі яшчэ і жывыя». Мала каму ўдалося ўцалець. Іх хавалі вяскоўцы, за што ў наш час былі ўзнагароджаны медалём Праведніка народаў свету.

На зверствы фашыстаў народ адказаў партызанскім і падпольным рухам. Добра вядома аперацыя партызан па падрыве Беніслаўскага маста ў ноч з 3 на 4 жніўня 1942 года. Сярод яе ўдзельнікаў былі і жыхары Валынцаў П. Мацкевіч і Л. Яскевіч.

Многія жыхары Валынцаў не вярнуліся з фронту. Загінулі ў баях з фашыстамі першы арганізатар арцелі ў Валынцах Смірын, брыгадзіры калгаса М. Сівоха і Д. Палынскі…

Знакамітыя землякі, памяць пра якіх шануюць сёння, з’яўляюцца годным прыкладам для жыхароў Валынцаў, якія стараюцца жыць і працаваць так, каб неба над краінай заставалася мірным.

Фота Тамары ПАШКЕВІЧ.

Поделиться новостью в социальных сетях:


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны