Майстрыца з Паставаў Таццяна Петух: «Жыву ў чароўным свеце, поўным творчых ідэй»

Печать

За знешнім спакоем, разважлівасцю дырэктара Пастаўскага раённага Дома рамёстваў «Стары млын» Таццяны Петух крыюцца неўтаймаваны тэмперамент, пастаянная ўнутраная патрэба штосьці рабіць, ствараць, дзяліцца тым, што ўмее, з іншымі — знаёмымі і незнаёмымі, якія ўмеюць бачыць прыгажосць і гармонію ў тым, што акружае.

— Калі хадзіла ў школу, штосьці пастаянна афармляла і нават пісала партрэты аднакласнікаў і настаўнікаў, — успамінае Таццяна. — Мама – бібліятэкар, са свайго боку старалася развіваць мяне рознабакова: акрамя школьных прадметаў, мастацкая літаратура, танцы, спевы, рукадзелле.

Таццяна скончыла школу, паступіла ва ўніверсітэт імя
П. Машэрава. І нечакана для сябе ў студэнцкія гады, як кажа, свет перавярнуўся, мастацтва заззяла новымі яркімі фарбамі.

— Спадзяюся, што педагогам была б неблагім, бо люблю дзяцей. Але ў Паставах якраз у год заканчэння ВНУ спатрэбіўся кіраўнік у клуб «Майстры», у якім і прапанавалі працаваць. Гэта быў ужо вядомы калектыў, дзе не я, а мяне маглі навучыць многаму. Дзякуй абласным спецыялістам Івану Лабацкаму і Зінаідзе Яначкінай, што сталі мне настаўнікамі, зацікавілі пошукам і адраджэннем народных здабыткаў, навуковай дзейнасцю, — гаворыць Таццяна Петух.

Тры гады з членамі аматарскага аб’яднання збіралі і адраджалі рамёствы, якія сыходзілі ў нябыт, аднаўлялі абрады, запісвалі рэцэпты мясцовай старажытнай кухні. Крупінка да крупінкі сабралі багацейшы матэрыял, які сілкуе сённяшнюю культуру пастаўчан. Таццяна стала знаўцай народнай творчасці, і не дзіўна, што з задавальненнем пачала працаваць у Доме рамёстваў, які адчыніў дзверы ў 1998 годзе.

І ўжо 26 гадоў яна клапоціцца пра тое, каб жыла народная творчасць, якая робіць свет больш прыгожым і добрым.

— Жыву ў чароўным свеце, поўным творчых ідэй, — прызнаецца Таццяна Мікалаеўна. – Пастаянна вучуся і па-ранейшаму губляю галаву ад кожнага новага асвоенага рамяства. Жыць у такой блізкасці да гісторыі і народных рамёстваў, тварыць сваімі рукамі – для мяне сапраўдная радасць.

За гэтыя гады пастаўскі Дом рамёстваў не раз станавіўся пераможцам спаборніцтва ў вобласці і рэспубліцы, адным з першых аднавіў уборы, якія насілі пастаўчане некалькі стагоддзяў таму, навучыў рамяству дзясяткі людзей, арганізаваў сотні выстаў работ і карцін таленавітых землякоў. Мае тры выставачныя залы, экспазіцыі ў якіх мяняюць адна адну да дзесяці разоў на год.

Таццяна Петух зазірнула ў журнал уліку і ўдакладніла, што за мінулы год правялі 29 выстаў, удзельнічалі ў розных святах, атрымалі Гран-пры на «Славянскім базары ў Віцебску». Дарэчы, напэўна, не было ніводнага фестывалю, каб пастаўчане не перамаглі ці не занялі прызавое месца ў правадзімых на ім конкурсах.

— Поспех не падае з неба, — лічыць кіраўнік Дома рамёстваў. — Гэта заслуга ўсяго калектыву, які налічвае сем чалавек, ды нашых таленавітых майстроў. Усё робім дружна. Трэба – шыем касцюмы і робім патрэбныя да іх аксэсуары, займаемся афармленнем выстаў, едзем нарыхтоўваць матэрыял. Самі назапашваем салому, лазу, гліну.

Таццяна вадзіла мяне па выставах, што разгорнуты цяпер у «Старым млыне», апавядала пра аўтараў выстаўленых работ. Гераіма Танана – адна з самых вядомых у раёне майстроў па аплікацыі саломкай. Крысціна Брэская — метадыст Дома рамёстваў па народным касцюме, вышыванні, вязанні, абрэзкавым шыцці, салома- і бісерапляценні. Абедзве майстрыхі валодаюць рамёствамі, якія сёлета ўвайшлі ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь як носьбіты традыцыйных тэхналогій па напрамках «Інсітнае (наіўнае) мастацтва Віцебшчыны» і «Беларускія практыкі саломапляцення».

Малая зала Дома рамёстваў адведзена пад справаздачную выставу членаў народнага клуба «Майстры», кіраўніком якога з’яўляецца цяпер Алена Крывенькая.

Адным словам, пра «Стары млын», яго кіраўніка можна яшчэ многа расказаць. Вобраз Таццяны Петух дапоўню яшчэ толькі двума фактамі. Акрамя Дома рамёстваў, яна яшчэ вядзе гурток у дзённым аддзяленні для інвалідаў Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Вядзе таксама «Батлейку» ў нядзельнай школе. Разам з дзецьмі зрабіла лялек, пашыла ім касцюмы і пад-рыхтавала калядную п’есу.

Майстрыца і кіраўнік быццам спяшаецца жыць, жадае паспець зрабіць у жыцці як мага больш і расказаць свету пра сваіх аднадумцаў.


При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны