Кіраўнік Бігосаўскага Дома культуры Марына Кіч: «Каб несці культуру ў масы, трэба мець яе самому»

Печать

У лютым Марына Кіч з Бігосава Верхнядзвінскага раёна  адзначае юбілей — 20 гадоў, як працуе ў Доме культуры. Апошнія шэсць з’яўляецца яго кіраўніком. Акрамя таго, Марына Міхайлаўна — дэпутат сельскага Савета дэпутатаў. Нават гэтага пераліку дастаткова, каб зразумець, што яна — чалавек актыўны.

-Так, – пацвердзілі ў сельвыканкаме. — Менавіта з ёй у Бігосаве звязваюць ажыўленне культурнага жыцця, павагу да сямейных юбіляраў, большую ўвагу да праблемы ўмацавання сям’і. Дарэчы, Бігосаўскі ДК у 2017-м быў прызнаны лепшым у вобласці.

Ужо дзесяць гадоў ён праводзіць рок-фестываль «Навальніца», які стаў брэндам аграгарадка, збірае музыкаў, спевакоў і аматараў гэтага музычнага стылю з розных рэгіёнаў краіны. Тут існуе адзіны на Верхнядзвіншчыне лялечны калектыў, які са спектаклямі падарожнічае па клубах раёна.

Шырока вядомыя ў раёне мюзіклы, якія на сцэне свайго ДК ставяць бігосаўскія артысты. Сёлетні «Вяселле ў Маслёнаўцы» быў шосты. Ідэю іх пастаноўкі Марыне Кіч падказала Эвеліна Піжэнка, з якой выпадкова, як кажа, пазнаёмілася ў сеціве.

– Жанр не з лёгкіх, – гаварыла Марына. – Адна справа іграць у спектаклі, іншая яшчэ і спяваць. Вакалу вымушаны былі вучыцца многія. Што ўзровень пастановак расце, ведаем па рэакцыі і водгуках гледачоў. Мюзіклы папулярныя, збіраюць поўную залу и доўга з’яўляюцца тэмай мясцовых размоў.

Таму пандэмія пандэміяй, а культурнае жыццё ў Бігосаве не згасае. Толькі ў лютым тут чакаюцца канцэрт-шансон і канцэрт вакальна-інструментальнага ансамбля «Вольны вечар» дзіцячай школы мастацтваў. Паралельна ідзе падрыхтоўка жартоўнай п’есы з элементамі фэнтазі «Ганна Іванаўна змяняе прафесію»…

А па-за сценамі ДК Марына Кіч збірае інфармацыю пра хуткія вясельныя юбілеі, каб разам з сябрамі завітаць у хаты да гаспадароў, павіншаваць іх з круглымі датамі сумесна пражытых гадоў. Праект «Сям’я і сямейныя каштоўнасці» дырэктар установы культуры рэалізуе не адзін год, з ліку мясцовых сем’яў выбірае самыя бездакорныя, каб на іх вопыце паказаць маладым, на чым трымаецца лад у сям’і.

– Сёлета акрамя сярэбраных і залатых юбіляраў будзем ушаноўваць дзвюх мясцовых старажылак, якім споўніцца па 95 гадоў, – дзялілася планамі Марына Міхайлаўна. – Правядзём некалькі святаў вёскі. Гэта, дарэчы, мае самыя любімыя мерапрыемствы, калі можаш падарыць людзям сапраўднае свята, даць ім магчымасць расказаць пра свае захапленні і паказаць работы.

За яе ўвагу да людзей бігосаўцы і выбралі Марыну дэпутатам сельскага Савета, прыходзяць за парадай і дапамогай. Па падказцы жыхароў дэпутат і дырэктар арганізавала суботнікі па добраўпарадкаванні пасялковага парку, разам з вяскоўцамі і падначаленымі наводзіла парадак на адных з вясковых могілак, арганізоўвала расчыстку пад’ездаў да дамоў ад снегу, дастаўку дроў, уладкаванне аўтобуснага прыпынку…

– Людзям, асабліва сталым, адзінокім, патрэбна падтрымка ўлады, проста знаёмых, – пераканана жанчына. — Наперад ніхто не ведае, як складзецца лёс кожнага. А шчырая дапамога заўсёды вяртаецца добрым словам, пажаданнем.

Самой Марыне Кіч 45 гадоў. Нарадзіла чацвярых дзяцей. Мае пяцёра ўнукаў, некаторыя з якіх па гадах мала старэйшыя за яе малодшую дачку-першакласніцу. Як некалі сама расла пры маці, таксама культработніцы ў Докшыцкім раёне, у клубе, так цяпер і яе дачка — асвойвае сцэнічныя падмосткі. Таленавітая, і ёсць надзея, што прадоўжыць дынастыю, якая налічвае ўжо чатыры пакаленні. Адменным скрыпачом і гарманістам быў дзядуля, ніводнае вяселле не абыходзілася без яго. Яго тры сыны скончылі музычную школу і таксама сталі гарманістамі. Загадваць клубам, перавучвацца з лабаранткі на культработніка выпала і маці. Напэўна, стаць ім было наканавана лёсам і Марыне. Не ўсім мужчынам падабаецца падобная прафесія жонак, якія затрымліваюцца на працы дапазна і па выхадных не бываюць дома. Але і ў гэтым Марыне пашанцавала. Муж – перадавы камбайнер — ведае і разумее асаблівасць работы жонкі, калі патрабуецца, падстаўляе плячо. Сам ён таксама чалавек творчы. Сядзіба Кічаў бадай што ўзорная: дагледжаны дом, гаспадарчыя пабудовы, вельмі многае зроблена і аздоблена рукамі гаспадара. Сфера адказнасці жонкі – кветнікі, дзе толькі хрызантэм налічваецца каля 100 кустоў.

– Каб несці культуру ў масы, як гаварылі раней, трэба мець яе самому, — падкрэсліла Марына Кіч. – Таму і я, і ўсе члены калектыву стараемся трымаць у парадку сваё жыллё, прыдамавыя двары, тэрыторыю ля Дома культуры, прывіваць культуру зносін і санітарыі. Прыязджайце летам і на свае вочы пабачыце, колькі кветак расце ў палісадніках бігосаўцаў, невыпадкова ж нашаму аграгарадку прысуджалі першае месца ў рэспубліканскім конкурсе добраўпарадкавання населеных пунктаў.

Фота з асабістага архіва Марыны КІЧ.

Поделиться новостью в социальных сетях:


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны