Пастаўчанка Вольга Лойка заняла першае месца ў абласным этапе конкурса «Валанцёр года – 2020»

Печать

Першае месца ў абласным этапе конкурса “Валанцёр года – 2020” у намінацыі “Асабісты ўклад сярод работнікаў прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў, міністэрстваў і ведамстваў” абласная арганізацыя ГА “Беларускі рэспубліканскі Саюз Моладзі” прысудзіла пастаўчанцы Вользе Лойка.

Дыплом пераможцы Вольга захоўвае на рабочым месцы, у Цэнтры культуры і народнай творчасці, дзе працуе спецыялістам па тэатральна-драматычнаму жанру. У яе невялічкім кабінеце і адбылося наша знаёмства. Першае ўраджанне – цяжкая фізічная работа па расчыстцы дарожак ад снегу на сядзібах пенсіянераў, вельмі запатрабаваная сёлетняй зімой, наўрад ёй па сіле. А вось зносіны з людзьмі пажылымі, маральная і псіхалагічная дапамога ім, напэўна, па яе характары. У вачах свяцілася прыязнасць, а шырокая ўсмешка міжвольна выклікала жаданне ўсміхнуцца ў адказ. Мяркуючы па ўласнай рэакцыі, побач з Вольгай калегі і падапечныя адчуваюць сябе камфортна.

-- Гэта сапраўды так, -- пацвердзіла першы скратар райкама БРСМ Кацярына Малевіч. – На запрашэнне стаць валанцёрам атрада працоўнай моладзі “Добрае сэрца” Вольга адгукнулася ў ліку першых. З таго часу на пастаяннай сувязі з намі, тэрытарыяльным цэнтрам і тымі, каму патрабуецца дапамога.

Добраахвотны атрад з ліку дарослых моладзевая арганізацыя пачала фарміраваць у красавіку мінулага года. Гэта быў трывожны час першай хвалі пандэміі, калі медыкі настойліва рэкамендавалі пажылым без вострай патрэбы не пакідаць жылля. А як выканаць параду, калі ў цябе няма сваякоў, а блізкі сусед чалавек тваіх жа гадоў. Вось ім на дапамогу і прыйшлі валанцёры.

У тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ў створанай там службе акамулявалася інфармацыя аб патрэбах адзінокіх пенсіянераў. Адным з канчатковых звёнаў ланцужка і была Вольга. Ёй тэлефанавалі, па якім адрасе трэба даставіць заказ. З таго часу ў абедзены перапынак, але часцей пасля заканчэння рабочага дня яна заходзіць у ТЦСАН, забірае прыгатаваную пасылку і адпраўляецца па адрасе дастаўкі. Нярэдка ў гэтай справе яе суправаджае муж Арцём.

-- Не наракае, -- пытаюся я, -- што можаш сама захварэць, прынесці інфекцыю ва ўласную кватэру?

-- Не, не наракае. Наадварот, калі мае час, дапамагае данесці сумкі да патрэбных дзвярэй. Мы абодва прытрымліваемся правіла: дапамажы, падтрымай таго, каму гэта патрэбна. Не чакай за іх ўдзячнасць, бо зробленае дабро некалі вернецца табе, -- адказала Вольга.

Яна вырасла ў сям’і ваеннага, што наклала свой адбітак на характары. Разам з бацькамі ёй даводзілася мяняць месца жыхарства, школы, па-новаму будаваць адносіны з аднагодкамі. Ужо тады, у дзіцячыя і юнацкія гады, вясёлы характар, дабразычлівасць дапамаглі лёгка ўваходзіць у новыя калектывы, заводзіць сяброў. Колькі памятае сябе – столькі камусьці дапамагае. У школах была “цімураўкай”, наведвала ветэранаў вайны, разам з аднакласнікамі выконвала пасільную для свайго ўзросту работу. У час вучобы ў Віцебскім індустрыяльна-педагагічным каледжы разам з іншымі дзяўчатамі шэфствавала над дзецьмі сацыяльнага прытулку.

Не ўсе з тых яе сябровак засталіся верныя валанцёрскаму руху. А Вольга працягвае, бо мае душэўную патрэбу дапамагаць, дзяліцца цяплом душы.

Гэта цяпло людзі адчуваюць, напэўна, адразу. Бадай, кожны, каму пазваніла ў дзверы Вольга Лойка, жадае пагаварыць з ёй, расказаць пра сябе, даведацца, чым жыве раён і краіна. Вольга не можа адмовіць, выслухае, падбадзёрыць, супакоіць, і мае ў памяці ўжо вялікую скарбонку цікавых людскіх лёсаў, якія, магчыма, некалі лягуць на паперу.

Фота Тамары ПАШКЕВІЧ.

 

 

Поделиться новостью в социальных сетях:


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны