На Пастаўшчыне першым пачало і першым завяршыла сяўбу яравых збожжавых КУСП «Дунілавічы-агра»

Печать

Насенне ячменю і аўса пакладзена ў глебу на 400 гектарах добраапрацаванай і запраўленай угнаеннямі глебы.

Вядома, стараўся калек­тыў, — гаворыць кіраў­нік гас­падаркі Андрэй Сарапененка. – Землі ў нас лёгкія, таму традыцыйна першымі ў раёне пачынаем веснавыя палявыя работы. Тэхніка ў гаспадарцы не новая, не змаглі істотна абнавіць яе мы і ў апошні час. Але на выручку прыйшоў малаказавод. Калі ўвайшлі ў яго аграпрамысловае аб’яднанне, з’явілася ўпэўненасць, што цяпер зможам працаваць лепш і, натуральна, мець лепшыя вынікі. Што маю на ўвазе? Механізаваны атрад прадпрыемства дапамог правесці восеньскую сяўбу. Агульнымі сіламі пасеялі больш за 900 гектараў азімых, узнялі амаль усё ворыва пад яравыя. Гэтай вясной нам заставалася ўзараць толькі 440 га. І гэту работу таксама практычна заканчваем. Ідзе падрыхтоўка апошняй сотні гектараў пад яравы рапс і кукурузу, дзе ра­зам з механізатарамі гаспадаркі шчыруе прадстаўнік завода Аляксандр Ханяўка.

Але не толькі тэхнікай і людзьмі выручае сваіх партнёраў па аграпрамысловым аб’яднанні малаказавод. Упершыню за многія гады, прызнаецца Андрэй Віктаравіч, у глебу пад патрэбу ўносяцца арганічныя і мінеральныя ўгнаенні, культуры атрымліваюць патрэбнае для развіцця і роста сілкаванне.

— Азімыя падкармілі ўжо блізка да 90% пасеяных плошчаў, – адзначае Андрэй Сарапененка. – Прычым сілкаванне раслін сёлета зможам правесці двойчы. Вядзём падкормку азотам пашы, чаго на маёй памяці наогул не рабілася. Азотнымі і фосфарнымі ўгна­еннямі заправім глебу пад рапс і кукурузу. За гэту падтрымку малаказаводу ўдзячныя ўсе. З энтузіязмам працуюць механізатары, якія разумеюць, што разам яны абавязаны і змогуць ўсе работы правесці якасна і ў лепшыя агратэхнічныя тэрміны. Скажу так, людзі стараюцца, каб вырасціць добры ўраджай, умацаваць кармавую базу і ў канчатковым выніку палепшыць фінансавае становішча сельгас­прадпрыемства.

Пакуль размаўлялі з кіраў­ніком, машынны двор пакінуў апошні трактар, задзейнічаны на палявых работах. Дзмітрый Лысёнак з шасціметровымі дыскамі паехаў «сушыць» глебу на чарговым полі. Напярэдадні заканчваў сяўбу пад парывамі моцнага ветру і першымі кроплямі дажджу вопытны сейбіт Эдуард Рагіня. Трактару і сеялцы, на якіх ён працуе, больш за дзесяць гадоў, але гэта не перашкаджае механізатару засяваць штодня да 30 гектараў.

Пасля моцнага начнога ліўня ў суботу работу пачалі крыху пазней, чым у папярэднія дні. Каб не змарнаваць дзень, такі дарагі ў веснавы прыпар, вырашылі «прасушыць» поле з дапамогай дыскаў. Як аказалася, разлічылі правільна. Бліжэй да вечара Эдуард Рагіня і яшчэ адзін вопытны сеяльшчык Аляксандр Парневіч, загарнулі насенне ячменю і на ім.

Добрым надвор’ем парадавала і нядзеля. Кожная пагодлівая гадзіна і кожны дзень цяпер спрыяюць ходу пасяўной кампаніі. У «Дунілавічах-агра» яна на піку работ, а ў тых, дзе глебы цяжкія, толькі набірае размах. У цэлым па раёне на панядзелак было пасеяна 44% збожжавых, азімыя зерневыя і рапс падкормлены на 80% займаемых імі плошчаў.

Фота Ганны Анішкевіч.

Поделиться новостью в социальных сетях:


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны