Мурал з партрэтам Язэпа Драздовіча з’явіўся ў Дзісне Міёрскага раёна

Печать

Чытачы «Витебских вестей» падзяліліся з газетай прыемнай навіной – у Дзісне Міёрскага раёна з’явіўся мурал з партрэтам Язэпа Драздовіча. На сцяне двухпавярховага дома на вуліцы Юбілейнай мастак Яўген Сасюра па эскізе калегі стварыў графіці з партрэтам знакамітага земляка.

—  Было шмат ідэй, —  гаворыць аўтар, —  але самай выдатнай падалася канцэпцыя ўвекавечыць Драздовіча, які пачаў навучанне менавіта ў Дзісненскай гімназіі і ступіў тут на мастацкі шлях, робячы замалёўкі мясцовых краявідаў. Язэп Драздовіч шмат падарожнічаў, але часта вяртаўся сюды. Ён тут не толькі маляваў графічныя пейзажы з натуры, але і запісваў для слоўнікаў народную лексіку краю, фальклор, склаў зборнік «Песні Дзісненшчыны». На эскіз я дадаў некалькі нябесных аб’ектаў з базавай астраноміі – навукі, якая паўплывала на знакамітага земляка. Пейзаж на эскізе – рукі Язэпа Драздовіча, гэта яго родны засценак Пунькі, дзе ён нарадзіўся і жыў у маленстве.

Графіці зроблена ў рамках праекта «Разам для грамады і прыроды: узмацненне працэсу развіцця ў Міёрскім раёне праз супрацоўніцтва мясцовай улады і грамадзянскай супольнасці», які рэалізуецца Міёрскім райвыканкамам, грамадскай арганізацыяй «Ахова птушак Бацькаўшчыны» і Латвійскім сельскім форумам пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза.

—  Гэта першае графіці такога кшталту ў нашым горадзе, і мы ўпэўненыя, што яно прывабіць турыстаў, — кажа старшыня Дзісненскага гарвыканкама Яўген Баран. —  Сімвалічна і невыпадкова, што акурат побач з графіці знаходзіцца будынак, дзе вучыўся і скончыў чатыры класы Язэп Драздовіч.

Дзісненскі мурал не адзіны ў раёне. У цэнтры Міёр на адным з дамоў летась быў намаляваны дыван, на якім аўтар змясціў 10 славутасцей краю, графіці ўпрыгожылі і два будынкі ў Пераброддзі.

 Фота прадастаўлена Дзісненскім гарвыканкамам.

Поделиться новостью в социальных сетях:


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны