Сенненскі Дом рамёстваў распачаў праект «Жывая нітка традыцый»

Печать

Праект «Жывая нітка традыцый» у Год народнага адзінства распачаў Сенненскі Дом рамёстваў. Асноўная яго мэта — стварэнне ручніка-абярэга сумесна з жыхарамі рэгіёна.

Па словах загадчыцы ўстановы культуры Вольгі Квашко, ручнік – сімвал чысціні і роднай хаты. Таксама нашы продкі надавалі яму функцыю абярэга. У няпростыя часы жанчыны збіраліся разам і за адну ноч пралі і ткалі ручнік. Потым абыходзілі з ім вёску і вешалі на крыж ці ў царкве на абраз. Верылі, што такі абрад здольны зберагчы месцічаў ад розных пошасцяў. На думку Вольгі Квашко, нішто так не яднае людзей, як народнае мастацтва і традыцыі.

Да стварэння ручніка могуць прыкласці руку ўсе жадаючыя: прадстаўнікі працоўных калектываў, сем’і. Дарэчы, першымі запісаліся супрацоўнікі Сенненскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Кіраваць працэсам бу­дзе малады спецыяліст, выпускніца Віцебскага дзяржаўнага тэх­на­ла­гічнага каледжа Аліна Цыбульская. Сама яна з Сянна, у свой час займалася ў розных гуртках Дома рамёстваў і вось цяпер вярнулася сюды з новымі ведамі і навыкамі. Аліна ўжо заклала аснову ручніка, які будзе шырынёй 50 см і даўжынёй не менш 5 м. Пад яе наглядам свой сцяжок зрабіў і карэспандэнт «ВВ».

Удзельнікі праекта таксама атрымаюць магчымасць наведаць выставы Дома ра­мёстваў, азнаёміцца з побытам і ўкладам жыцця прод­каў, дакрануцца да ўнікальных экспанатаў, прадстаўленых у экспа­зіцыі.

Калі ручнік будзе гатовы, яго абвязуць па контурах Сенненшчыны. Завершыцца праект прэзентацыяй калектыўнага вырабу і канцэртам у Доме культуры і народнай творчасці.

Фото аўтара.

Поделиться новостью в социальных сетях:


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны