Вулічныя гульні моладзі ў Браславе

Печать

Філасофія жыцця людзей, пра якіх хачу вам расказаць, хаваецца ў іх актыўным руху. Абодва – маладыя людзі з Браслаўшчыны. Адзін захапляецца паркурам, другі – страйкболам, але на гэтым іх цікавасці не заканчваюцца. Хлопцы ўпэўненыя, што вулічныя віды спорту могуць нармальна развівацца і на раёне.

Паркур – мастацтва руху

Аляксандр Матуль родам з Ахрэмаўцаў Браслаўскага раёна. Цяпер вучыцца ў Полацкім дзяржаўным універсітэце па спецыяльнасці «Аўтамабільныя дарогі». Кожныя выхадныя ездзіць дадому. Для папулярызацыі паркура на малой радзіме стварыў суполку «Parkour in Braslav»  у сацыяльнай сетцы «ВКонтакте», якая аб’ядноўвае трэйсераў з раёна і не толькі. Аляксандр пачаў займацца паркурам у 17 гадоў і ўжо мае свой стыль. Заці­кавіў яго аднагрупнік – віцяблянін Мікіта Казлоў.

На Беларусі паркур з’явіўся прыкладна ў 2001 годзе пасля папулярнасці фільма «Ямакасі». Пераадольваючы перашкоды ў  прасторы, маладыя людзі пачалі капіраваць кінагерояў. Менавіта тады за вулічным спортмастацтвам замацавалася «кляймо» небяспечнасці. Хтосьці называў яго простым хуліганствам, хтосьці бачыў у ім нездаровы экстрым. Такое магчыма, калі людзі ідуць у паркур, каб зрабіць уражанне на каго-небудзь. Аднак, як і да любых фізічных заняткаў, тут павінна быць падрыхтоўчая база. Тады не будзе праблем з перагрузкамі, суставамі і пераломамі.

Слова «паркур» з французскай мовы перакладаецца як «мастацтва руху». Рухаецца мой суразмоўца Аляксандр Матуль сапраўды прыгожа і проста «гарыць» гэтым відам спорту, не ўяўляючы жыцця без яго.

Адзенне ў паркурыстаў спецыяльна мешкаватае і вялікае па памеры, каб эфектна глядзелася падчас палёту. Спецыяльных практыкаванняў і завучаных рухаў быць не можа: кожны выпрацоўвае свой стыль. Таму адразу бачна, калі хто капіруе. І спаборніцтвы ў паркуры адносныя, калі і праходзяць, то гэта – камерцыя. А сапраўдныя трэйсеры праводзяць злёты, дзе паказваюць свае ўменні, як нядаўна ў Браславе.

Паркур – ужо цэлая вулічная культура. Трэйсеры вядуць здаровы лад жыцця, гэта моцныя духам і сілай волі асобы. Зазірнуўшы на старонку ў сацыяльнай сетцы да аднаго з іх, знайшла цікавы статус: «Людзі, якія займаюцца паркурам, не павінны тут сядзець. Людзі, якія ім жывуць, павінны быць у «трэне».

«Пейнтбол – як спартыўны аўтамабіль, страйкбол – пазадарожнік»

Такое цікавае параўнанне паміж гэтымі спартыўнымі гульнямі правёў Генрых Дзямітка падчас маёй гутаркі з ім. Калісьці ён пачынаў менавіта з пейнтбола. Разам з сябрамі знайшлі ў Глыбокім пракат і пачалі арганізоўваць гульні ў Браславе. Тады Генрых якраз кінуў паліць, з’явіўся лішак грошай. Гульня кранула адразу, на другое спаборніцтва меў ужо сваю маску, на трэцяе – асабісты маркер. Ездзіў на сцэнарныя гульні па Беларусі, два разы на «Сталкера» ў Харкаў, дзе збіраецца да тысячы чалавек. Пейнтбол – дарагое захапленне, пасля крызіса ў 2011-м неяк паступова перакваліфікаваўся на страйкбол, ён больш танны. Увогуле Генрых да гэтага быў аматарам пагуляць у камп’ютарныя гульні, таму «болы» – выдатная альтэрнатыва. Цяпер віртуальныя забавы яго ўжо не захапляюць.

Пейнтбол – спартыўная гульня, падчас якой страляюць з пнеўматычнага маркера шарыкамі з фарбай. Па сутнасці, сэнс ў стральбе і заключаецца, менавіта таму ён падобны на спартыўны аўтамабіль, падчас язды на якім галоўнае – запал і рух. А ў страйкболе не абысціся без стратэгіі і сцэнарыя. Паўтары га­дзіны лазіш з картай па мясцовасці і 15 хвілін страляеш. Усё выглядае бы рэальныя баявыя дзеянні, важная чэснасць, і падман рэдка спрацоўвае.

На дадзены момант у Браславе ўжо пяць чалавек маюць сваю страйкэкіпіроўку. Хаця па яе набыцці ёсць свае нюансы: звычайна толькі праз інтэрнэт-краму. І здавалася б, вырабы канструктыўна не падобныя на зброю, але пры перасылцы на пошце іх часта расцэньваюць за такія, бо экспертаў, якія разбіраюцца ў гэтым, мала.

З продажу пейнтбольнай экіпіроўкі Генрых калісьці набыў яшчэ і спартыўны ровар. Веларух цяпер таксама шмат значыць у ягоным жыцці. На веласіпедах ездзіць уся сям’я – ён, жонка і двое дзяцей. У яго распрацаваны свае маршруты.

Ад размоў з такімі актыўнымі хлопцамі, шчыра прызнаюся, пачала пераасэнсоўваць свае погляды на жыццё. Рух і спорт – гэта здароўе і добры настрой. Апошняга нам усім, зга­дзіцеся, часта не хапае.

Поделиться новостью в социальных сетях:


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны