Анатоль Ліневіч: «Пытанні, якія гучаць падчас прыёмаў грамадзян, нельга падзяліць на больш і менш важныя»

Печать

У краіне створаны шырокія магчымасці для таго, каб чалавек з праблемай, пытаннем, якія яго хвалююць, мог звярнуцца да прадстаўнікоў улады рознага ўзроўню. «Прамыя» і «гарачыя лініі», асабістыя прыёмы праходзяць паўсюдна і рэгулярна. Стала праглядацца тэндэнцыя, калі грамадзяне пры выбары, да каго ім звярнуцца, аддаюць перавагу не службе і пасадзе, якую займае кіраўнік, а яго асабістым і дзелавым якасцям. Такое меркаванне ў размове з журналістамі выказаў памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — інспектар па Віцебскай вобласці Анатоль Ліневіч пасля прыёму грамадзян у Пастаўскім райвыканкаме.

Што тычыцца пытанняў, якія гучаць падчас прыёмаў, то падзяліць іх на важныя і менш нельга, – падкрэсліў Анатоль Ліневіч.  — У кожным ёсць штосьці, што трывожыць чалавека, патрабуе вывучэння, калі не вырашэння, то кампетэнтнага тлумачэння. Многія павінны вырашацца на раённым узроўні, а не даходзіць да абласнога і рэспубліканскага. Але ў чалавека ёсць права выбару, і ён ім карыстаецца.

Да памочніка Прэзідэнта звярнулася пастаўчанка, каб інфармаваць, што добра было б падсыпаць дарогу да вясковых могілак.

Вядома, дарогу тую мясцовыя службы паглядзяць, пры неабходнасці падсыпяць – справа нескладаная і матэрыяльна неабцяжарваючая. Больш турботнай, напрыклад, выглядаў зварот да Анатоля Ліневіча Андрэя і Ганны Жук. Шматдзетная сям’я, якая зараз выхоўвае шасцярых дзяцей, больш за дзесяць гадоў таму распачала ўзвядзенне вялікага дома, не змагла асіліць будоўлю і аказалася перад фактам, што згодна з законам у яе могуць забраць участак. Прычына пратэрміноўкі – недахоп сродкаў. Да памочніка Прэзідэнта яны прыйшлі з просьбай паспрыяць таму, каб зямлю ў іх не забралі.

– Працэдура захавання ўчастка толькі ў межах закона, – адзначыў Анатоль Канстанцінавіч. – Мяркуючы па вашых словах і тлумачэннях спецыялістаў райвыканкама, у вас такая магчымасць ёсць. Трэба толькі не марнаваць часу: тэрмінова збіраць неабходныя дакументы на абгрунтаванне права на дзяржаўную субсідыю і налічэнне мацярынскага капіталу – для сям’і гэта будзе істотнай дапамогай для заканчэння будоўлі.

У сваю чаргу спецыялісты райвыканкама абяцалі дапамагчы сям'і Жук сабраць патрэбныя дакументы, каб хутчэй прайсці працэдуры пастаноўкі на ўлік маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, атрымання крэдыту і налічэння сямейнага капіталу.

Начальніка Пастаўскага філіяла АТП №16 Глыбоцкага ААТ «Віцебскаблаўтатранс» Сяргея Крыштафовіча абурае факт незаконнай перавозкі пасажыраў нядобрасумленнымі прадпрымальнікамі. Прыкрыў­шыся таблічкай «заказны», яны едуць наперадзе маршрутных аўтобусаў і збіраюць па прыпынках людзей. Кіраўнік філіяла хацеў бы, каб транспартная інспекцыя больш пільна адсочвала такіх «хітруноў» і прымушала працаваць у рамках дзеючага заканадаўства.

Падчас размовы Анатоль Ліневіч цікавіўся агульным станам спраў АТП, выкананнем ім дзяржаўных стандартаў па пасажырскім абслугоўванні насельніцтва, грузаперавозкамі. Прыводзіў прыклады з вопыту іншых аўтапаркаў па аказанні паслуг, падказваў месцы прык­ладання сіл, дзе можна зарабіць грошы, і абяцаў падтрымку ў вырашэнні пытання па растэрміноўцы выплаты плацяжу, які парк запазычыўся рамонтнай арганізацыі.

Дарэчы, на павелічэнні аб’ёму паслуг іншым аргані­зацыям і насельніцтву Анатоль Ліневіч акцэнтаваў увагу і дырэктара Пастаўскага дзяржаўнага каледжа Сяргея Герасіменкі падчас наведвання навучальнай установы. Яе памяшканні – кабінеты, лабараторыі — патрабуюць асучаснівання. Каб зрабіць гэта, не трэба чакаць фінансавання толькі з боку дзяржавы – належыць і самім зарабляць грошы. У каледжы яшчэ ідзе рамонт, які неўзабаве будзе скончаны. Калектыў правёў набор навучэнцаў практычна на ўсе спецыяльнасці.

Пра якасць прафе­сіяналь­най падрыхтоўкі і асаблі­ва грамадзянскага станаўлення падрастаючага пакалення памоч­нік Прэзідэнта гаварыў падчас сустрэчы з работнікамі каледжа, якія ў сваю чаргу папрасілі Анатоля Ліневіча паспрыяць аснашчэнню вучэбнай базы агрэгатамі сучаснай тэхнікі.

Адна з галоўных задач сён­няшняга дня – уборка ўраджаю. Як яна арганізавана і ідзе на Пастаўшчыне, інспектар па Віцебскай вобласці цікавіўся не толькі ў кіраўніка раёна Сяргея Чэпіка, але і сам наведаў ААТ «Навасёлкі-Лучай», сустрэўся з камбайнерамі і вадзіцелямі, якія вялі жніво на палях першага ўчастка. Дажджы апошніх дзён некалькі затармазілі тэмпы абмалоту збожжавых і зернебабовых. Але хлебаробы Пастаўшчыны працавалі і ў больш складаных умовах, не пакідалі на палях ніводнага кавалачка збажыны. Так будзе і сёлета, запэўнівалі яны памочніка Прэзідэнта.

– Палова з 2650 га збожжавых і зернебабовых ужо ўбрана. У сярэднім з гектара атрымана па 33,4 ц. Лепш урадзіла азімая пшаніца, якой збіраем больш чым па 36 ц з гектара, – праінфармаваў дырэктар сельгаспрадпрыемства Юрый Шымчык.

Фота Тамары ПАШКЕВІЧ.

 

Поделиться новостью в социальных сетях:


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны