У Міёрах прайшоў экалагічны фестываль “Жураўлі і журавіны Міёрскага краю”

Печать

Міёры з раніцы напоўніліся гоманам людскіх галасоў, музыкай, спевамі. Райцэнтр прымаў свята – экалагічны фестываль “Жураўлі і журавіны Міёрскага краю”. Пакуль на традыцыйным месцы гуляння гаспадары сялянскіх падвор’яў, рамеснікі і гандляры ўладкоўвалі свае шатры, разгортвалі выставы, накрывалі сталы, у райвыканкаме разгарнуліся дэбаты на прэс-канферэнцыі. Гаспадарам было што расказаць пра славутасці роднага краю, пра фестываль, які сёлета праходзіў у дзясяты раз, а гасцям, якіх таксама прыехала нямала, быў цікавы вопыт міёрцаў па “раскручванні” раёна і балота Ельня, якое за дзесяцігоддзе набыло статус прыроднай перліны ўсёй Еўропы.

– Дзесяць гадоў таму пра Міёры нават у краіне ведалі мала, казалі: “Гэта горад паблізу Браслава”, – падкрэсліў старшыня райвыканкама Ігар Кузняцоў. – А сёння нашы балота Ельня і металапракатны завод сваёй унікальнасцю, экалагічным здароўем і прадукцыяй вядомыя ва ўсім свеце, шыкоўныя аб’екты для прыроднага і прамысловага турызму.

Старшыня раённага Савета дэпутатаў Марыя Баніфатава расказала, як з’явілася ідэя правядзення на Міёршчыне менавіта экалагічнага свята, дзе галоўнымі героямі сталі жураўлі і журавіны – птушка і ягада. Марыя Мікалаеўна захавала афішу першага фестывалю, які сёлета набыў ужо статус абласнога свята.

Уклад у развіццё фестывалю, напаўненне новымі тэмамі ў апошнія два гады ўнёс і міжнародны праект “Разам для грамады і прыроды: узмацненне працэсу развіцця ў Міёрскім раёне праз супрацоўніцтва мясцовай улады і грамадзянскай супольнасці”, які рэалізоўваўся райвыканкамам, ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны” і Латвійскім сельскім форумам пры фінансавай падтрымцы Еўрасаюза. У межах яго рэалізаваны шэраг мясцовых ініцыятыў, якія навучылі насельніцтва бачыць патэнцыял сваёй мясцовасці, паслужылі папулярызацыі краю і існуюць на карысць жыхарам усяго раёна. Распрацаваны брэндбук, у СШ №3 створана ІТ-лабараторыя, у ТЦСАНе – кафэ “Сярэбраны век” па навучанні сталых людзей карыстанню камп’ютарам, у дзіцячым садку №1 з’явіліся сучасныя пляцоўкі для экалагічнага выхавання навучэнцаў… Дэталёва пра кожны з накірункаў расказаў прысутным менеджар праекту Алег Сівагракаў.

З боку гасцей вопытам рэалізацыі таксама міжнароднага праекта “Ландшафтна-арыентаванае развіццё сельскіх тэрыторый даліны ракі Ясельда пры ўдзеле мясцовага насельніцтва” падзялілася яго каардынатар Алена Аполька з Бярэзінскага раёна Мінскай вобласці.

Як кажуць, кожны кулік хваліў сваё балота, а каб на ўласныя вочы пераканацца ў папулярнасці свята, якое дае багатае ўяўленне пра жыццё Міёршчыны, яе людзей, пра тое, як яны ўмела распараджаюцца сваімі прыроднымі багаццямі, гаспадары і госці адправіліся на паўвостраў, акунуліся ў вераснёўскае свята, цёплае і жыццярадаснае, як аказалася, пры любым надвор’і.

Людскі паток замаруджваў рух на ўваходзе ў парк – міліцэйская служба клапацілася пра бяспеку ўдзельнікаў свята. А далей ужо цяжка было прамінуць ніводную палатку. З аднаго боку сцежкі – вучні глыбоцкай Дзеркаўшчынскай школы разгарнулі стэнд са здымкамі птушак сваёй мясцовасці, за якімі назіраюць і ахоўваюць. З другога – вучні Слабодкаўскай школы з Браслаўшчыны прапаноўвалі травяныя чаі з лекавых траў, што вырошчваюць на прышкольным участку. І чым далей уваходзіў у глыб паўвострава, тым больш яркіх уражанняў ад убачанага, цікавых знаёмстваў і адкрыццяў. Вось палачане Яўген і Таццяна Парадня пад вывескай “Мёд з Ельні” запрашаюць паспрабаваць пчаліны падукт, рэкламуюць, што сабраны ён з верасовых кветачак на балоце Ельня. Маўляў, сюды на верас прывозяць пчаліныя домікі.

Дарэчы, пчаляроў і мёду на свяце было шмат. Яго прапаноўвалі не толькі прыватнікі, але і гаспадаркі. Традыцыйна ён быў на Узмёнскім падворку, на Міёрскім – на стале ля пчаляра з ААТ “Пад’ельцы” Віктара Паўлоўскага стаяў з дзясятак напоўненых слоікаў. Гаспадарка мае 140 калод, сёлета накачала больш за 2,5 тоны лячэбнага прадукту, з выкарыстаннем якога ды журавін гаспадыні нагатавалі не адзін дзясятак страў.

На Міёршчыне, мяркуючы па падворках сельсаветаў, спраўных кухарак багата. Яны даўно ацанілі смак і карысць журавін. Ягады былі побач на балоце. Збіраюцца хутка. Назапашаныя на зіму – крыніца вітамінаў і мінералаў. Лішкі – на продаж, таксама важкая частка даходу сямейнага бюджэту.

У продажы на свяце журавін таксама было шмат. Жыхар вёскі Чурылава Канстанцін гаварыў, што за дзень збірае па 60 – 70 кг. Часта яму дапамагаюць дочкі, таму сёлета на іх агульным рахунку не менш за 800 кг. Да ўвішных збіральніц адносіліся і яго суседкі: Марына Канапелька, Лілія Януковіч і Кася Казачонак. Першая выйграла ў раённым конкурсе па зборы журавін у намінацыі “Самая буйная ягада”, дачка другой заняла прызавое месца па колькасці сабраных ягад. Кася ж наогул мясцовая легенда – грыбніца, ягадніца, паляўнічая, “Захавальніца Ельні”, экскурсавод, гаспадыня аграсядзібы.

Прадаўцы журавін, сярод якіх аказаліся і браслаўчанкі, прапаноўвалі чырвоную спелую і буйную ягаду, праўда, і па цане, на мой погляд, завысокай. Калі параўноўваць з леташняй, то ў многіх яна была ў два разы большай.Таму і ажыятажу не мела.

Фестываль – гэта і магчымасць пазнаёміцца з людзьмі, стараннем якіх прыгажэюць населеныя пункты, наводзіцца парадак на зямлі. Традыцыйна ў гэты дзень райвыканкам падводзіць вынікі конкурсу па добраўпарадкаванні сярод прадпрыемстваў і арганізацый, старэйшын, гаспадароў сядзіб. Нераўнадушных да свайго асабістага і агульнага дома на Міёршчыне адзін за адным выклікалі на сцэну, дзе Ігар Кузняцоў і Марыя Баніфатава кожны ў сваёй намінацыі ўручалі пераможцам дыпломы і кветкі, а некаторым пашчасціла атрымаць у падарунак і дзіцячыя гульнёвыя пляцоўкі.

На свяце было шмат цікавых рамеснікаў. І не толькі мясцовых. На фестывалі праходзіў абласны конкурс “Птушыны перапалох”, і сваіх майстроў прыслалі на яго дамы рамёстваў з розных раёнаў.

Удзельнікі свята змаглі пазнаёміцца і са шматлікімі калектывамі песні і музыкі Віцебшчыны таксама падчас абласнога конкурсу “Жураўліны звон”.

Наталілі сваю цікаўнасць і тыя, хто прыехаў паназіраць за жураўлямі. Кожны раз для іх арганізатары фестывалю прапануюць экскурсію па экасцежцы па Ельні і даюць магчымасць убачыць з дапамогай сучаснай оптыкі птушак на адпачынку ці кармленні. Сёлета пашчасціла. Паблізу адной пляцоўкі адразу села на жніў’ё, па ацэнцы спецыялістаў-арнітолагаў, каля тысячы жураўлёў.

Мяркую, на фестывалі кожны знайшоў тое, за чым прыйшоў ці прыехаў, змог больш даведацца пра Беларусь і Міёршчыну, пра працавітых і таленавітых людзей, якія жывуць на Віцебшчыне.

Фота Тамары ПАШКЕВІЧ 

Поделиться новостью в социальных сетях:


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны