Пастаўскаму філіялу абласнога спажывецкага таварыства ўтрымацца на плаву дапамагае шматгаліновасць кааперацыі

Печать

Утрымацца на плаву дапамагла шматгаліновасць спажывецкай кааперацыі. Такое меркаванне выказала дырэктар пастаўскага філіяла абласнога спажывецкага таварыства Ганна Сянько.

Уся яе біяграфія звязана са спажыўкааперацыяй, дзе, узнімаючыся па кар’ернай лесвіцы, давялося ўнікнуць у тонкасці работы ўсіх вытворчых падраздзяленняў, захаваць у галіне вопытных прадаўцоў, кандытараў і кулінараў, хлебапёкаў і перапрацоўшчыкаў мяса, квасільшчыкаў і засольшчыкаў, якія прадаюць і самі вырабляюць дзясяткі відаў прадукцыі. Менавіта таму пастаўскае прадстаўніцтва на выставе на рэспубліканскім сходзе «Белкаапсаюза» было адным з самых значных: шырокі асартымент хлебабулачных, кулінарных і кандытарскіх вырабаў, прадукцыя рыбнага, квасільна-засолачнага цэхаў, шырокі асартымент мясных і каўбасных вырабаў здзівілі многіх.

Сёння прадукцыя перапрацоўчага комплексу пастаўскага філіяла складае каля 20% аб’ёму, які маюць кааператары ўсёй Віцебшчыны, і 60% у сваім калектыве. Ніхто, акрамя яго, не вырабляе сыравяленыя і сыравэнджаныя каўбасы і субпрадукты. З мясаперапрацоўчага цэха штомесяц адгружаюць каля 40 т прадукцыі: 25 т — каўбасных вырабаў і 15 т — мясных паўфабрыкатаў.

– Маглі б і больш, магутнасці цэха дазваляюць, і попыт на яго прадукцыю добры, але не хапае сыравіны, – расказала Ганна Мечыславаўна. – Мясныя вырабы рэалізуем праз магазіны спажывецкай кааперацыі Віцебскай і Мінскай абласцей. Значную долю забірае гандлёвая сетка «Веста». Прадукцыя якасная, смачная, прыгатаваная па бабуліных рэцэптах без дабавак, сучасных напаўняльнікаў, стабілізатараў, узмацняльнікаў смаку. Таму і карыстаецца попытам.

Але не толькі якасцю каўбасных вырабаў славяцца пастаўскія кааператары. Не менш вядомая сярод насельніцтва прадукцыя квасільна-засолачнага цэха, якая стала брэндам прамысловай галіны. Квашаная капуста, салёныя памідоры, агуркі, марынаваны часнок, да дваццаці найменняў гароднінных салатаў не затрымліваюцца на паліцах магазінаў па ўсёй краіне. Да новага сезона будзе традыцыйна рэалізавана 150 тон агуркоў і столькі ж капусты. Іх з ахвотай набываюць і так званыя закрытыя ўстановы для харчавання школьнікаў, выхаванцаў дзіцячых садкоў, пацыентаў бальніц. Для павелічэння аб’ё-маў перапрацоўкі гэтай восенню ў цэху паставілі новую агароднінарэзку.

Ніхто, акрамя пастаўчан, не займаецца прыгатаваннем яблычнага соку метадам прамога адціскання, мачэннем яблыкаў.

– Для таго, каб вырабляць якасную прадукцыю, патрэбна сучаснае тэхналагічнае абсталяванне. За 8 месяцаў бягучага года ў яго мадэрнізацыю ўкладзена 150 тысяч рублёў, – падкрэсліла Ганна Сянько. – Ідзе тэхнічнае пераўзбраенне халадзільных камер у нарыхтоўчай галіне, сур’ёзнае тэхабслугоўванне зроблена абсталяванню для хлебапячэння і ў каўбасным цэху. На аб’ектах грамадскага харчавання заменены чатыры індукцыйныя пліты, на гандлёвых прадпрыемствах — 500 свяцільняў на святлодыёдныя. Эфект відавочны: нават з улікам новых, вышэйшых тарыфаў на электраэнергію ў гандлёвай галіне за 8 месяцаў эканомія на яе аплаце 90 тысяч рублёў.

– Што далей? — пацікавілася ў Ганны Сянько. – Не той час, каб задавальняцца зробленым.

– А мы і не збіраемся спыняцца, – пачула ў адказ. – Аб’ёмы выпуску ўласнай прадукцыі будзем павялічваць не толькі на ўчастку прамысловасці, але і ў грамадскім харчаванні. Абнадзейвае і тое, што наш мясаперапрацоўчы комплекс у перспектыве плануецца зрабіць базавым прадпрыемствам абласнога спажыўтаварыства з мэтай рэалізацыі прадукцыі на экспарт. А для гэтага будзе ўстаноўлена новае тэхналагічнае абсталяванне. Пытанне вырашаецца цяпер на абласным і рэспубліканскім узроўнях.

Фота Тамары ПАШКЕВІЧ.

Поделиться новостью в социальных сетях:


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны