Падчас рабочага візіту старшыні Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксандра Субоціна ў Шумілінскі раён адбылося адкрыццё двух рэканструяваных памяшканняў жывёлагадоўчага комплексу па адкорме і вырошчванні буйной рагатай жывёлы сельгаспрадпрыемства «Лаўжанскае».
Прадпрыемства ўваходзіць у Віцебскую інтэграцыйную структуру. Генеральны дырэктар Віцебскага мясакамбіната Эдуард Дзям’янаў расказаў, што першы рэканструяваны будынак быў адкрыты яшчэ летась. Менш як за год гаспадарчым спосабам правялі рэканструкцыю яшчэ двух памяшканняў. І зараз на комплексе ўсяго знаходзіцца амаль 5700 галоў буйной рагатай жывёлы, у тым ліку на трэцім перыядзе – 1064 галавы. У рамках рэспубліканскай праграмы згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №387 ад 07.10.2021 «Аб будаўніцтве сельскагаспадарчых аб’ектаў Віцебскай вобласці» на рэканструкцыю быў выдзелены адзін мільён рублёў, а Віцебскім канцэрнам «Мяса-малочныя прадукты» – 200 тысяч рублёў. Усе сродкі асвоены ў поўным аб’ёме. На комплексе створаны новыя сектары для ўтрымання жывёлы на адкорме, устаноўлена новая сістэма водазабеспячэння і водапаення, электразабеспячэння, каналізацыі. Пабудавана новая пляцоўка гноевыдалення. Усё гэта стварыла добрыя ўмовы як для ўтрымання жывёлы, так і для работы людзей. Як адзначыў в. а. дырэктара сельгаспрадпрыемства «Лаўжанскае» Аляксандр Вайцянкоў, работы праведзены нямалыя. Але ж на гэтым спыняцца не думаюць. Наперадзе чакаецца рэканструкцыя яшчэ двух памяшканняў трэцяга перыяду, якую мяркуюць пачаць ужо ў лютым-сакавіку і закончыць да канца года. Тады сельгаспрадпрыемства зможа павялічыць пагалоўе на адкорме, а на трэцім перыядзе ўсяго змесціцца 1700 галоў. Ну а на будучыню плануюць рэканструкцыю памяшканняў першага і другога перыядаў. Аляксандр Субоцін адзначыў, што развіццё жывёлагадоўлі – важная і патрэбная справа. І вобласць па магчымасці будзе падтрымліваць і дапамагаць сельскагаспадарчым прадпрыемствам падчас рэканструкцыі жывёлагадоўчых комплексаў і фермаў.
Ларыса ЗАЙЦАВА, Шуміліна.
Фота Дзмітрыя ОСІПАВА.