Цэнтр дакладнага земляробства стварылі ў Глыбоцкім ліцэі

Печать

У адным з кабінетаў Глыбоцкага ліцэя стаяў гоман. З дзясятак хлопцаў з цікавасцю ўглядаліся ў дыяграмы, што змяняліся на інтэрактыўнай дошцы.

Рыхтуючыся да факультатыву па асновах дакладнага земляробства, з якім пачынаюць знаёміцца навучэнцы, выкладчык біялогіі і геаграфіі Аляксей Багук правяраў работу мульціборда, а менавіта дадзеныя, якія паступілі на камп’ютар з метэастанцыі. Гартаў старонкі, на якіх выплывалі графікі, табліцы, дыяграмы… Убачанае зацікавіла старшакурснікаў, і да пачатку заняткаў яны сталі распытваць Аляксея Анатольевіча, што гэта азначае, дзе і для чаго прымяняецца.
Цікавасць радавала педагога. Ліцэй мае самую сучасную метэастанцыю, якая працуе ад сонечных батарэй, аснашчана 9 датчыкамі, тры з якіх знаходзяцца ў глебе. Злучаная з іншымі метэа­станцыямі краіны, яна дазваляе рабіць каротка­тэрміновы і доўгатэрміновы прагноз надвор’я ў радыусе 15 км. Акрамя таго, кожную гадзіну выдае тэмпературу і вільготнасць паветра, глебы, сілу і накірунак ветру, іншыя метэа­паказчыкі, нават працэнт усваення вільгаці лістом. Праграма прызначана для эфектыўнага вядзення сельскагаспадарчай вытворчасці, рэгулярна і дакладна падказвае, калі лепш выязджаць у поле для апрацоўкі глебы, унясення ўгнаенняў, сяўбы, хімпраполкі, апрацоўкі садоў ад шкоднікаў, у якіх умовах у кароў можа здарыцца «малочны стрэс», і многа яшчэ з таго, што можа спатрэбіцца земляробу.
Цэнтр дакладнага земляробства ў ліцэі стварылі ў верасні мінулага года для таго, каб пашырыць праграму знаёмства будучых і цяперашніх механізатараў, спецыялістаў з тэхналогіяй недалёкай будучыні, з непазбежнай лічбавізацыяй сельскай гаспадаркі. Пакуль гэта робяць на факультатывах і семінарах, з будучага навучальнага года чакаецца ўвядзенне паўнацэннага курса, праграма якога знаходзіцца ў распрацоўцы.
Але ўжо 135 гектараў зямлі падсобнай гаспадаркі засеяны азімымі культурамі па тэхналогіі дакладнага земляробства.
– Гэта дазволіла нам сэканоміць паўтары тоны насення, – гаворыць дырэктар ліцэя Васіль Любоза. – Дабавім эканомію мінеральных угнаен­няў, гербіцыдаў — і атрымаем істотную лічбу.

На чым жа атрымліваецца такая эканомія, калі весці агратэхнічныя аперацыі па існуючай цяпер тэхналогіі вырошчвання збожжавых і зернебабовых, цікаўлюся ў кіраўніка навучальнай установы.
– Перш за ўсё, на выключэнні лішніх праездаў, разваротаў, – тлумачыць ён. – Камп’ютар разлічыць іх мінімальную колькасць, расчэрціць поле і правядзе па ім трактар без «нахлёстаў» або прабелаў і такім чынам выключыць магчымасць два разы апрацоўваць адзін і той жа ўчастак ці вяртацца, каб ліквідаваць брак. Навыкі такой работы ўжо мае майстар Міхаіл Юргель. У яго новы трактар, злучаны з навігацыйнай сістэмай. І першыя ўрокі нашы выхаванцы атрымліваюць у майстра падчас розных практык і работ.
– Цэнтр ужо добра аснашчаны, – кажа выкладчык Павел Будзько. – Акрамя метэастанцыі, трактара, маем пяць камп’ютараў з навучальнымі праграмамі, мульціборды, трэнажор – тое, што патрэбна для арганізацыі навучальнага працэсу.
Падумваюць у ліцэі і пра паслугі, якія змогуць аказваць насельніцтву з дапамогай новых магчымасцей. Скажам, садаводам і кветкаводам паведамляць аб магчымых замаразках, аптымальных тэрмінах эфектыўнай барацьбы са шкоднікамі, прагнозе на тэрмін да двух тыдняў. Перспектывы цэнтр адкрывае вялікія. Важна скарыстаць іх максімальна.


Фота аўтара.

Поделиться новостью в социальных сетях:


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны