У Шумілінскім раёне сеяць зерневыя пачалі толькі 12 красавіка

Печать

Зацяжная вясна не на руку сельгаспрадпрыемствам, кажуць механізатары КУСГП «Ульскі» Шумілінскага раёна. Калі летась на прыдзвінскія палеткі выехалі ў апошні сакавіцкі дзень, то сёлета сеяць яравыя зерневыя пачалі толькі 12 красавіка.

Хаця вясна пакуль не радуе сваёй цеплынёй, але ж падсохлая зямля гатова прыняць да сябе зярняты. І ў «Ульскім» актывізавалі сезонныя работы.
Паліва ёсць, насення дастаткова, — кажа дырэктар гаспадаркі Валянціна Лабейка. — Нядаўна праз Віцебскі аблаграсэрвіс атрымалі 70 тон калійных угнаенняў. Разлічвацца будзем грашыма, што выручым ад продажу зерня будучага ўраджаю. На адным полі працуюць адразу два агрэгаты – спачатку ідзе РДУ і раскідвае калій, а следам пасяўны агрэгат.


Ва ўрочышчы Рыпіншчына сустракаемся з мясцовым меха­нізатарам Васілём Аглушэвічам:
Працую ў гаспадарцы амаль дваццаць гадоў. Бывала, і горшыя вёсны былі — з дажджамі і замаразкамі. А сёлета хаця і холадна, але ж, бачыце, палеткі ля Заходняй Дзвіны сухія. Працую з раніцы да цёмнага. За гэты час на трохметровым пасяўным агрэгаце паспяваю засеяць па 17 — 19 гектараў.


На дапамогу Васілю Аг­лу­шэвічу з УП «Шумілінскі рай­аграсэрвіс» на некалькі дзён на шасціметровым пасяўным агрэгаце прыехаў Міхаіл Бібкін. Так бы мовіць, на прарыў. Пакуль палеткі райаграсэрвісу прасыхаюць, дык чаму б не дапамагчы суседзям?
У КУСГП «Ульскі» мяркуюць засеяць 470 га яравых зерневых і зернебабовых, 230 га кукурузы, 50 га рапсу. На раніцу ўчарашняга дня было засеяна 242 га зерневых і зернебабовых (51,5 працэнта ад плана).

На ўчарашнюю раніцу на Віцебшчыне было пасеяна 51,9 тыс. га зерневых і зернебабовых культур (38% ад плана), амаль 2 тыс. га рапсу (10%).

Ларыса ЗАЙЦАВА, Шуміліна, фота аўтара.

 

Поделиться новостью в социальных сетях:


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны