Каталікі Віцебскай вобласці рыхтуюцца сустракаць Каляды

Печать

Традыцыйна напярэдадні свята прэс-канферэнцыю для журналістаў правёў біскуп Віцебскай рымска-каталіцкай дыяцэзіі Алег Буткевіч.

Перадусім ён падсумаваў вынікі адыходзячага года, які для маладога іерарха стаў працягам знаёмства з парафіямі, іх духоўным і матэрыяльным становішчам. Здзейснены важныя юрыдычныя акты інвентарызацыі і ўрэгулявання маёмаснага статусу касцёлаў, капліц, плябаній і манаскіх дамоў. Крыху сумнай падзеяй стала завяршэнне місіі ў якасці апостальскага нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроці: яго Папа Рымскі Францішак пераводзіць на аналагічную пасаду свайго пасланніка ў суседнюю Украіну. Служэнне гэтага пастыра вызначылася ўмацаваннем касцёла ў Беларусі, актыўным супрацоўніцтвам з дзяржаўнымі структурамі. Ён за кароткі час здолеў зрабіць шмат карыснага і для нашай дыяцэзіі.

Наступны год апостальская сталіца абвясціла Годам Міласэрнасці. У яго гонар у катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага ў Віцебску і ў санктуарыі Маці Божай Валадаркі Азёраў у Браславе ўжо заўтра, у нядзелю, адчыняцца адмысловыя Брамы Міласэрнасці, дзе вернікам можна будзе атрымаць адпуст.

Пад эгідай рымска-каталіцкага касцёла сёлета пройдзе ўжо 16-ы фестываль “Дні хрысціянскай культуры”. У яго рамках адбудуцца шматлікія выставы, канцэрты, творчыя сустрэчы, наведванні з падарункамі самых маленькіх, якія вымушана сустракаюць вялікае свята на бальнічных ложках. Сур’ёзнай навуковай з’явай павінна стаць канферэнцыя “Божае Нараджэнне ў сусветнай мастацкай культуры”. Яна адбудзецца 19 снежня ў ВДУ імя П. Машэрава. Плануецца ўдзел у ёй прадстаўнікоў абласной і гарадской уладаў.

Сярод іншых біскупу было зададзена пытанне наконт магчымага аднаўлення помніка старадаўняга віцебскага дойлідства - касцёла Святога Антонія, які размяшчаўся насупраць ратушы і быў разбураны багаборчымі ўладамі ў пасляваенны час. У такім выпадку будзе створаны разам з Уваскрэсенскай царквой закончаны архітэктурны ансамбль гэтай часткі старога горада. Добрай весткай стала тое, што Міністэрства культуры Беларусі ўжо дазволіла аднаўленне бажніцы на ранейшым месцы.

Але гэта, зразумела, справа не аднаго года. Пакуль жа католікі моляцца ў гэтай інтэнцыі, а хутка плануецца асвячэнне іншага касцёла Антонія: таго, што апошнім часам значна ўпрыгожыў вуліцу Гагарына абласнога цэнтра. Зарэгістравана парафія і для задавальнення духоўных патрэбаў вернікаў, якія пражываюць у густанаселеным маладым раёне Білева. Пра важнасць падзеі кажа ўжо тое, што пробашчам сюды прызначаны канцлер Віцебскай курыі ксёндз Адам Дынак. Задавалі журналісты і іншыя пытанні, напрыклад, пра дзейнасць таварыстваў ананімных алкаголікаў. Яны апякуюцца каталіцкімі прыходамі, бо праблема гэта для нашага грамадства стаіць вельмі востра.

Напрыканцы сустрэчы ксёндз-біскуп яшчэ раз павіншаваў прысутных з надыходзячым святам і пажадаў, каб Бог аддзячыў усім за дабрыню намераў і адкрытае сэрца. Дарэчы, упершыню ў гэтым годзе дзякуючы супрацоўніцтву з абласной тэлерадыёкампаніяй 24 снежня ў 21.30 адбудзецца прамая трансляцыя Вігілійнай Святой Імшы з галоўнага каталіцкага храма вобласці - касцёла Езуса Міласэрнага.

Поделиться новостью в социальных сетях:


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны