У Глыбокім адбылася вечарына кампазітара і выканаўцы Браніслава Грамакоўскага

Печать

У Глыбокім шанавалі земляка Браніслава Грамакоўскага, якога ведаюць як кампазітара, выканаўцу і чалавека, які ўмее разгледзець талент і зробіць усё магчымае, каб той змог расквітнець яркімі фарбамі.

І такіх прыкладаў прывядуць шмат. Бо дзе б ні працаваў гэты чалавек, яго памкненні былі скіраваны на падтрымку людзей творчых. Хоць нарадзіўся на Магілёўшчыне, другой сваёй малой радзімай лічыць Глыбоччыну, дзе ў поўную сілу раскрыўся яго ўласны талент, дзе адбыліся самыя важныя падзеі жыцця. Гэтым летам, напрыклад, спаўняецца 45 гадоў, як выступае на сцэне. Такой важкай даце ў сваім жыцці прысвяціў творчую вечарыну, якую назваў «Жыць без кахання не могуць людзі». Праходзіла яна на цэнтральнай плошчы горада і сабрала многа прыхільнікаў творчасці Браніслава Грамакоўскага. Больш за гадзіну сам і з калегамі па музычным цэху Паўлам Пеляёнкам і Сафіяй Спірковіч спявалі вядомыя і любімыя ўсімі савецкія хіты, тэмай якіх было каханне. Гледачы самага рознага ўзросту падпявалі ім, дарылі кветкі і дзякавалі за атрыманую радасць.


Да выхаду на пенсію Браніслаў працаваў у Удзелаўскім Доме культуры, выкладаў музыку і спевы ў СШ №2, займаўся з юнымі выхаванцамі цэнтра дзяцей і моладзі. Вучыў хлопцаў і дзяўчат жыць у сугучнасці з сабой, людзьмі і навакольным светам і музыцы адводзіў у гэтым ролю дыпламата. Шчыра верыў, што пачуцці, якія абу-джае яна, ачышчаюць душы людзей, абагачаюць іх, робяць больш спагадлівымі. Пра гэта пастаянна гаварыў на занятках з салістамі народнай эстраднай студыі «Архіў», большасці якіх, без перабольшання, даў пуцёўку ў сцэнічнае жыццё.
Дарэчы,Браніслаў Грама-коўскі – аўтар музыкі да шматлікіх песень. Разам з мясцовым паэтам Алесем Жыгуновым напісалі гімны Глыбокага, «Вішнёвага фестывалю». У творчай скарбонцы больш за 300 твораў, а таксама дыск, выдадзены пэўны час назад з лепшымі на думку аўтара песнямі.


Што створыць яшчэ, не ведае, кажа Браніслаў. Музыка не пішацца пад прымусам. Як верш, яна прыходзіць па натхненні. Здараецца, і ноччу спяшаецца да фартэпіяна, бо ў галаве загучала мелодыя, якая раней ніяк не складалася. Жыццё працягваецца. Будуць новыя сустрэчы, песні, радасць творчасці.

Фота з архіва Браніслава Грамакоўскага.

 

Поделиться новостью в социальных сетях:


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны