Шчаслiвыя буднi майстра. Як Крысціна Брэская з Пастаў адраджае народныя рамёствы?

Печать

Пакой майстрыцы Крысціны Брэскай у Пастаўскім Доме рамёстваў «Стары млын» утульны, напоўнены мноствам самых розных вырабаў, ад якіх цяжка адарваць вочы. Маляванкі і вышыванкі, вырабы з саломкі і льнотрасты, бісера і лапікаў тканіны. У кутах — жаночы строй і абразы, сава і павукі, бычок і вулічны ліхтар, на сценах — паясы, герданы, лапікавыя дываны. А на стале стос грамат і дыпломаў — узнагароды Крысціны за некалькі апошніх гадоў, альбом фотаздымкаў работ і ўперамешку ўсё неабходнае для рукадзелля.

- Рыхтуюся да экалагічнага фестывалю ў Міёрах, – тлумачыць Крысціна. – Сёлета прадоўжу мінулагоднюю тэму – птушак- чырванакніжніц, за што летась, дарэчы, атрымала дыплом пераможцы. А ўзнагароды спатрэбіліся кіраўніцтву, каб узгадаць, у якіх конкурсах удзельнічала і як была ацэнена.

Мяркуючы па колькасці грамат і дыпломаў, перамог у Крысціны шмат. Сваю першую заваявала ў Нясвіжы, і яна, кажа майстрыца, самая дарагая. А пасля не было такога конкурсу ці выставы, дзе ўдзельнічала, каб не была адзначана журы. Адраджаючы народныя рамёствы, маладая жанчына спалучае іх з сучаснасцю, стварае аўтарскія тэхналогіі, злучае матэрыялы і тэхнікі, якія лічыліся неспалучаемымі. Тчэ палатно ніткамі і саломкай, стварае аб’ёмныя фігуры птушак і жывёл з валакна і саломкі, маляванку аздабляе ганчарнымі вырабамі. Яе лебедзя, саву, бычка Сцёпку і ліхтар ацанілі не толькі спецыялісты народных рамёстваў. Яны сталі «ўдзельнікамі» шматлікіх тэлеперадач, упрыгажэннем заставак і вокладак.

Майстрыца валодае тэхнікай разнастайных рамёстваў. Яна задаволена, што выбрала менавіта гэту прафесію, бо быў перыяд, калі не ведала, па якой дарозе пайсці. Расла ў спартыўнай сям’і. З ахвотай хадзіла на трэніроўкі ў пастаўскі клуб «Атлант» да бацькі, займалася настольным тэнісам, лёгкай атлетыкай, валейболам, падавала надзеі. А ў школе асвойвала рукадзелле, запісалася ў гурткі цэнтра дзяцей і моладзі, у студыі авангарднай моды з захапленнем стварала касцюмы з саломкі, якія потым дэманстравала падчас розных мерапрыемстваў. Так з’явілася жаданне стаць дызайнерам, якое ўзяло верх над спортам.

Паступіла ў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка на спецыяльнасць «Выяўленчае мастацтва, чарчэнне і народныя мастацкія промыслы». На першых курсах іх вучылі пакрысе ўсяму, давалі магчымасць вызначыцца, знайсці тое, да чаго ляжыць душа. Крысціна выбрала «народны касцюм, вышыўку і лапікавае шыццё». Удзельнічала ў праекце па вырабе вышыванак.

Скончыўшы ўніверсітэт, вярнулася дадому. Калі аднойчы трапіла ў Пастаўскі Дом рамёстваў, пазнаёмілася з яго дырэктарам Таццянай Петух, то зразумела: менавіта тут зможа ў поўнай меры рэалізаваць сябе. Так у маладой майстрыцы пачалося жыццё, напоўненае творчасцю, перамогамі і пошукам чагосьці новага.

– Калі бяруся за выраб, эскіза не малюю, – расказвае Крысціна Брэская пра свой творчы працэс. – Адразу ўяўляю яго аб’ёмным у галаве. Ідэі часцей прыходзяць, калі бачу матэрыял і разумею, што з яго можа атрымацца. Так было з бычком, старажытнымі ўпрыгажэннямі. Так пачала рабіць лялек, спачатку ў пары з Алёнай Крывенькай, а пазней – самастойна. Стварыла вялікую калекцыю. З ёй два гады назад заняла трэцяе месца ў конкурсе майстроў на «Славянскім базары ў Віцебску», сёлета прадэманстравала на Міжнародным свяце-конкурсе майстроў народнай цацкі і лялькі «Забава» ў межах фестывалю і стала лаўрэатам ІІ ступені ў намінацыі «Найлепшая хатняя калекцыя».

Летась беларускія практыкі пляцення з саломкі былі ўключаны ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь, і работы Крысціны Брэскай увайшлі ў гэты спіс.

У «Старым млыне» пачала займацца лапікавым шыццём, навучылася ткаць на станку і асвоіла ткацтва з бісеру і саломкі. Зараз вядзе гурткі па вышыванні і лапікавым шыцці, актыўна супрацоўнічае з народным клубам «Рошва» Полацкага цэнтра культуры і народнай творчасці. У прыватнасці, разам з іншымі майстрамі рэспублікі ўдзельнічала ў арганізаваным ім адкрытым творчым праекце «Творчы раўнд. Рамесніцкая карусель», адшываючы сваю частку задання.

Цяжка сказаць, чаго не ўмее майстрыца. Рэканструявала і стварыла ўласныя ручнікі, аднавіла два строі пастаўчанкі, а колькі зрабіла сувеніраў – пералічыць цяжка. Яны раз’ехаліся па гарадах і вёсках Беларусі, блізкага і далёкага замежжа.

Фота Тамары ПАШКЕВІЧ. 

Поделиться новостью в социальных сетях:


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны