У Варапаева Пастаўскага раёна адкрылі аддзяленне дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў

Печать

Дзень Канстытуцыі гэтага года запомніцца жыхарам Варапаева Пастаўскага раёна тым, што менавіта 15 сакавіка ў іх гарадку адкрылі аддзяленне дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў.

На ўрачыстасць з гэтай нагоды сабралася шмат мясцовых жыхароў, прыехалі госці з райцэнтра – старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Курто, намеснік старшыні райвыканкама Станіслаў Чымбург, дырэктар Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Пастаўскага раёна Марыя Кісялёва. Па традыцыі была перарэзана сімвалічная стужка, уручаны ключ ад будынка. Загадчыцы аддзялення Вользе Счастнай яго ўручыў дырэктар Пастаўскага філіяла абласнога спажывецкага таварыства Мікалай Шабуня.

–   Яшчэ нядаўна будынак належаў райспажыву. У апошнія гады ён пуставаў. А для людзей пажылых і абцяжараных хваробамі патрабавалася месца, дзе яны маглі б сустракацца, цікава бавіць час, – расказала старшыня Варапаеўскага сельвыканкама Іна Касарэўская. – Дзякуй кааператарам, якія бязвыплатна перадалі памяшканне тэрытарыяльнаму цэнтру. Аддзяленне атрымалася ўтульным, цёплым, дзе хопіць месца і для заняткаў гурткоў, і для правядзення розных святаў і мерапрыемстваў.

Але каб такім яно стала, пашчыравалі многія. Лічы, кожны ты­дзень выходзілі на суботнікі сацыяльныя работнікі, пэўныя сродкі на рамонт ахвяравалі людзі спагадлівыя. Так, як кажуць, з міру па нітцы і атрымалася добрая кашуля. Аддзяленне адчыніла дзверы, прадэманстравала свае магчымасці, каб на наступны дзень сустрэць тых, для каго стваралася.

Фота Людмілы Зелянкевіч.

Поделиться новостью в социальных сетях:


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны