Егіпецкі папірус, кітайскія іерогліфы на бычыных костках і іншыя незвычайныя рарітэты знаходзяцца у школьным музеі ў Міёрах

Печать

Які горад нашага краю можа пахваліцца тым, што ў яго звычайнай агульнаадукацыйнай школе працуюць тры ўнікальныя музеі, якія спецыялісты называюць аднымі з лепшых аналагічных устаноў краіны? У Міёрах у СШ №3 яны дзейнічаюць ужо не адзін год. Гэта плён працы настаўніка гісторыі, выдатніка адукацыі, лаўрэата прэміі «За духоўнае адраджэнне» Вітольда Ермалёнка (на фота).

vit

Амаль за 40 гадоў педагагічнай дзейнасці Вітольд Антонавіч стварыў тры школьныя музеі, сабраў тысячы артэфактаў, атрымаў дзясяткі дыпломаў, прывіў любоў да роднага краю сотням вучняў і дарослых. Але пра ўсё гэта па парадку.

У 70 – 80-я гады ў Міёрскім раёне не было ніводнага музея. Прабел ліквідаваў Вітольд Антонавіч, які, як прызнаецца сам, краязнаўствам заха­піўся ў дзяцінстве. І ў школе з першых дзён настаўніцтва багата часу аддае менавіта гэтаму накірунку дзейнасці, прыахвочвае да яго дзяцей, вучыць іх спасцігаць спадчыну свайго краю, карыстацца вопытам продкаў у сучасным жыцці. Разам з членамі аб,яднання «Арганаўты мінулага» – найстарэйшага гісторыка-краязнаўчага гуртка краіны — сабраў вялікую колькасць прадметаў папярэдніх эпох. Так узнікла неабходнасць у стварэнні гісторыка-этнаграфічнага музея. Ажыццявіць задуму ўдалося ў 1986 годзе.

Асноўны фонд музея налічвае больш за 13 тысяч экспанатаў па археалогіі, этнаграфіі, нумізматыцы, генеалогіі. Тут 12 раздзелаў, у якіх паслядоўна раскрываецца гісторыя Міёршчыны ад старажытнасці да сучаснасці.

У 2009 годзе ў школе адкрыўся яшчэ адзін музей – кнігі і друку. Яго стваральнік упэўнены, што шчаслівым можа лічыць сябе той чалавек, якому давялося патрымаць у руках сапраўдны скарб – старадаўнія кнігі. Рукапісныя, якія ў былыя стагоддзі старанна, літара за літарай, перапісваліся нашымі продкамі. Друкаваныя, кожная старонка, здаецца, дыхае слаўнай мінуўшчынай… А пабачыць егіпецкі папірус, кітайскія іерогліфы на шырокіх бычыных костках і кавалках шоўку, пачытаць стараславянскія надпісы на драўляных дошчачках, пакрытых воскам, — рэдкая ўдача. Такія рарытэты раней утрымліваліся, бадай што, толькі ў сталічных музеях. А цяпер падзівіцца на гэтыя каштоўнасці можна ў СШ №3 Міёр, дзе дэманструецца больш за 6 тысяч экспанатаў.

А летась у школьным двары з’явілася «Сялянская хата» – музей, які расказвае пра быт сельскіх жыхароў 1850 — 1950-х. У трох пакоях-раздзелах размяшчаюцца сотні ўнікальных рэчаў. Першы прысвечаны канцу ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя, экспанаты другога адносяцца да міжваеннага перыяду, калі Міёршчына ўваходзіла ў склад Польшчы. У трэцім раздзеле прадстаўлены прадметы, якія суправаджалі штодзённае жыццё сялян у першыя пасляваенныя дзесяцігоддзі.

Так дзякуючы Вітольду Ермалёнку і школьным музеям многія мясцовыя жыхары і прыезджыя экскурсанты пачалі па-іншаму адно­сіцца да гісторыі роднай зямлі, больш горача палюбілі сваю малую радзіму.

 Фота Тамары Пашкевiч

Поделиться новостью в социальных сетях:


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны