Новы спектакль у тэатры «Лялька» паставіла вядомая беларуская спявачка і паэтка Святлана Бень

Печать

Музычны спектакль «Цудоўная скрыня з зялёным гарошкам» створаны па матывах шведскіх казак, але блізкі віцебскаму гледачу. І гэта не дзіўна, бо сюжэт, пачуцці герояў, гісторыя іх адносінаў даступныя для разумення і маленькім, і дарослым. 

У якасьці рэжысёра і кампазітара выступіла Святлана Бень, якая многім вядома як стваральніца і салістка беларускага гурта «Серебряная свадьба». Вясёлая, кранальная і часам крыху самотная гісторыя распавядае пра старога, які жыў ціха і даволі адзінока, ягонымі суседзямі былі толькі куры ды барсук. Шчасце ён знаходзіў у вынаходніцтвах і марыў толькі аб тым, каб дарабіць цудоўную машыну, над якой працаваў ужо трыццаць гадоў.  Нечакана для героя ўсё змянілася з-за прыезда ўнука і з,яўлення скрыні з-пад зялёнага гарошку. У ёй хтосьці падкінуў кацяня, якое даставіла дзеду шмат клопатаў, але стала яму лепшым сябрам.

У іншаказальнай форме расказваецца пра ўзаемаадносіны дзядулі і ўнука. Апошняму таксама не хапала ўвагі, цеплыні і шчырасці, бо ў бацькоў заўжды не было на яго часу. Стары і малы ўсё рабілі разам, і кожная справа ў іх добра атрымлівалася, нават удалося запусціць тую самую незвычайную машыну. Яны настолькі сталі дарагія адзін аднаму, што нават калі хлопчык выпадкова зламаў цуда-тэхніку і, баючыся пакарання, збег з дому, дзед не раззлаваўся і быў вельмі рады, калі ўнук знайшоўся, бо зразумеў: няма нічога важней за сяброўства і любоў.            

Акрамя галоўных герояў і іх суседзяў, прысутнічаюць на сцэне і незвычайныя персанажы – мюклы. Яны жывуць у доме, іх ніхто не бачыць, але тыя ўдзельнічаюць у жыцці ўсіх насельнікаў. Дарэчы, менавіта з такімі істотамі Святлана Бень параўнала акцёраў, мастакоў, якія знаходзяцца па-за шырмай, але без якіх не абыходзіцца ні адна казка.

Прэм’ера адбылася 9 сакавіка і сабрала гледачоў самага рознага ўзросту.

– Хацелася зрабіць не дыдактычны, цалкам павучальны спектакль, а пастаноўку, заснаваную перш за ўсё на пачуццях, калі глядач можа самастойна зрабіць свае вывады, – каментуе рэжысёр. – Так, дарослыя ўзгадаюць, што трэба цаніць любоў і сяброўства, бо яны змяняюць жыццё ў лепшы бок. А дзеці зразумеюць, наколькі яны дарагія і важныя бацькам, бабулям і дзядулям. Мяркую, добра было б, каб на «Цудоўную скрыню з зялёным гарошкам» прыходзілі малыя мена­віта разам са старэйшым пакаленнем.   
Дарэчы, гэта ўжо другі спектакль у рэпертуары Беларускага тэатра «Лялька», пастаўлены Святланай Бень. Гісторыя «Асцярожна, Соня!» даўно палюбілася гледачам. І чарговая музычная прэм’ера таксама мае шанец знайсці шмат  прыхільнікаў.

Фота аўтара  

Поделиться новостью в социальных сетях:


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны