Якiя падзеi адбывалiся на Вiцебшчыне на кожны год Сабакi ў XX – пачатку XXI стагоддзя?

Печать

Рэкордныя надоі ў 3 тыс. кг малака ад каровы, ранішнік у савецкім дзіцячым садзе, цеплаход «Наваполацк». Пра што яшчэ пісалі абласныя газеты «Віцебскі рабочы» і «Народнае слова» (выдавалася з 1991-га) у першых нумарах 1946-га, 1958-га, 1970-га, 1982-га, 1994-га, 2006-га, сімвалам якіх быў Сабака?

1946 год

У першым нумары «Віцебскага рабочага» за гэты год паведамлялася, што на базе льнопрадзільнай фабрыкі імя Кагановіча ў абласным цэнтры будуецца дыванова-плюшавы камбінат (зараз ААТ «Віцебскія дываны»), які па магутнасці будзе адным з найбуйнейшых у Савецкім Саюзе.

Тут установяць 230 ткацкіх станкоў, абсталююць воўнапрадзільні і фарбавальна-аддзелачны цэх. Як расказваў дырэктар камбіната Л. Вінаградаў, заканчваецца будаўнічая частка. Вытворчы корпус займае плошчу ў 8 тыс. кв. м. Абсталяванне паступае без перабояў. Ім ужо забяспечана плюшавая фабрыка і часткова дывановая. Пуск першай чаргі камбіната запланаваны на 1947 год, увод у эксплуатацыю на поўную магутнасць – у 1948-м.

1958 год

У рэдакцыйным артыкуле газета адзначае: «Яшчэ адзін год мінуў. Яшчэ адзін крок наперад зрабіла наша Савецкая дзяржава. У гэтыя дні хлебаробы спаборнічаюць за тое, каб атрымаць новыя высокія ўраджаі, дабіцца няўхільнага росту прадукцыйнасці жывёлагадоўлі.

На ўсю вобласць вядомы лепшыя даяркі – Наталля Савіцкая з калгаса імя Кірава Аршанскага раёна і Вольга Пятрышча з калгаса імя Дзяржынскага Ушацкага раёна, якія ў 1957 годзе атрымалі на карову звыш 3 тыс. кг. Налета яны ставяць задачу павялічыць паказчык да 4 тыс. кг». У газеце падкрэсліваецца, што ў новым годзе яшчэ шырэй разгорнецца спаборніцтва за стварэнне багатага асартыменту прадуктаў. Пройдзе год-два, і краіна атрымае столькі прадукцыі жывёлагадоўлі, што поўнасцю задаволіць унутраныя патрэбы і створыць значныя рэзервы, запэўніваюць аўтары артыкула.

Карэспандэнт А. Фядотаў падрыхтаваў рэпартаж з ранішніка ў дзіцячым садзе №5 Віцебска. Кожны дарослы, што калісьці ўдзельнічаў у падобных мерапрыествах, можа зноў адчуць неперадавальную атмасферу: «Свята пачалося ў назначаны час. Дзеці, узяўшыся за рукі, акружылі прыгажуню-ёлку. На ёй запаліліся рознакаляровыя агні, і невядома адкуль з’явіўся Дзед Мароз з лісічкай. Цяпер на свяце не хапае толькі Снягурачкі. Яе і шукае Дзед Мароз. Ён заглядае пад ёлку, пытаецца ў дзяцей, ці бачыў хто Снягурачку. Але яе тут няма. Дзед Мароз засмучаны дарэмнымі пошукамі. Ён сеў каля ёлкі і думае, што ж рабіць. У гэты момант нехта падбег ззаду і закрыў вочы. Хто ж гэта мог быць? Ну вядома, Снягурачка.

З вясёлымі скокамі нясецца Дзед Мароз са Снягурачкай вакол ёлкі. Затым яны запрашаюць і дзяцей. І вось ужо ўсе ў вясёлым карагодзе спяваюць песні, на тварах радасныя ўсмешкі.

Выступаюць сняжынкі, матрошкі. Гарачымі апладысментамі бацькі ўзнагароджваюць хлопчыкаў, якія выканалі танец зайчыкаў. У заключэнні Дзед Мароз, Снягурачка і ліса прынеслі вялікі мяшок з падарункамі. Усе задаволены».

1970 год

Галоўны камітэт Выстаўкі дасягненнеў народнай гаспадаркі СССР узнагародзіў Аршанскі льнокамбінат Дыпломам гонару. У нататцы адзначалася, што бялізна, абрусы, сурвэткі і ручнікі прадпрыемства адпавядаюць лепшым замежным узорам. Залатога медаля выстаўкі ўдастоены мастак ільнокамбіната Аляксандр Волкаў. Сярэбранымі і бронзавымі медалямі ўзнагароджаны іншыя перадавікі.

Друкуецца паведамленне пра цеплаход з назвай «Наваполацк»: «На бартах савецкіх караблёў, што баразняць прасторы акіяна, можна бачыць назвы розных гарадоў. Сярод іх Віцебск, Полацк і Орша. Нядаўна са стапеляў судабудаўнічых верфяў фінскага горада Турку сышоў новы цеплаход, які назвалі імем юнага горада беларускай нафтахіміі – «Наваполацк». Грузапад'ёмнасць яго каля 14 тыс. т, хуткасць – 19 вузлоў. У гэтыя дні цеплаход «Наваполацк» выйшаў у рэйс з Рыгі».

На першай старонцы публікуецца навагодні верш Валерыя Шаўчэнкі:
Шар зямны віншаваннямі змораны,
Павярнуўся на ўсходні бок.
Вось яшчэ на клубок гісторыі
Наматаўся адзін віток.
Яшчэ звоняць кілішкі звонкія,
Весяліцца яшчэ карагод.
А планета імгненнямі стромкімі
Паляцела у новы год.

1982 год

Навагоднія пажаданні савецкаму народу праз газету даслалі ЦК КПСС, Прэзідыум Вярхоўнага Савета і Савет Міністраў СССР. У тэксце гаворыцца: «Новы год ужо дзесяць гадзін ідзе па неабсяжнай савецкай зямлі. У гэтыя мінуты асабліва глыбока адчуваецца, наколькі вялікая, магутная і цудоўная наша любімая Айчына: размахам, людзьмі, здзяйсненнямі. Поўная аптымізму, творчых сіл і энергіі ўступае краіна ў 1982 год, год 60-годдзя ўтварэння Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік».

Выказвалася ўпэўненасць, што савецкія людзі азнамянуюць юбілейны год паспяховым выкананнем планаў і сацыялістычных абавязацельстваў, далейшым павышэннем эфектыўнасці і якасці работы, праявяць высокую арганізаванасць, дзелавітасць, дысцыплінаванасць, уменне працаваць з поўнай аддачай.

1994 год

Зусім іншы настрой у афіцыйным віншаванні панаваў праз дванаццаць гадоў, калі наступілі так званыя ліхія 90-я. У звароце абласнога Савета народных дэпутатаў адзначалася: «Крызісныя з’явы паглыбляюцца. Усё гэта мы павінны ясна ўявіць, каб знайсці сілы і мужнасць з годнасцю пражыць гэты складаны перыяд грамадскіх пераўтварэнняў.

Рэформы ідуць цяжка, але з імі нельга спазняцца, таксама як і празмерна падганяць іх. Ніколі ні пры якіх абставінах мы не павінны забываць аб высокіх маральных прынцыпах, аб нашых духоўных вытоках, культурных традыцыях, якія пакінулі ў спадчыну продкі». Але не ўсё было так дрэнна. Напрыклад, дэпутаты дзякавалі сялянам, што ў няпростых эканамічных умовах 1993-га атрыманы рэкордны намалот і ўраджайнасць зерневых і зернебабовых – 27,8 ц/га.

«Народнае слова» інфармуе, што з фонду непрадбачаных расходаў выдзелены сродкі для падтрымкі шматдзетных сем’яў у 1994 годзе. Маці-гераіні (усяго 230 чалавек) штомесяц будуць атрымліваць па адной мінімальнай зарплаце. Тым, хто выхоўвае ад трох да пяці дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў, кожны квартал будуць выплочваць мінімальную зарплату, звыш пяцярых дзяцей – дзве мінімальныя зарплаты. Аблвыканкам таксама выдзеліў 100 млн руб. абласному аб’яднанню прафсаюзаў для набыцця навагодніх падарункаў вучням 1 – 4 класаў, якіх у той час налічвалася 34 548 чалавек.

Напярэдадні Года Сабакі карэспандэнт «НС» наведаў у Віцебску зоамагазін па вул. Кірава, дзе паглядзеў кошты на тавары для чатырохногіх сяброў. Пачак корму «Педыгрыпал» вагой 1 кг каштаваў 14,5 тыс. руб. (за 1 долар напрыканцы 1993 года давалі амаль 7 тыс. руб.), упакоўка 0,5 кг – 9,5 тыс. руб. Менш разрэкламаваны корм «Фролік» вагой 0,5 кг меў цану 14,5 тыс. руб. Затое ён вырабляўся на любы смак – з рыбы, курыцы, ялавічыны. За ашыйнік прасілі 30 тыс. руб., сродак ад блох – 25 тыс. руб., пластыкавую міску – 25 тыс. руб.

2006 год

«Віцебскі рабочы» паведамляў, што ў першы дзень новага года ў Віцебску нарадзілася сем хлопчыкаў, самым хуткім аказаўся малы вагой 3 кг 630 г і ростам 53 см, які з’явіўся на свет 1 студзеня ў 00.30. Яго мама – Ірына Чарпянкова з вёскі Крынкі Лёзненскага раёна. А вось дзяўчынкі не захацелі нараджацца ў навагоднюю ноч.

«Народнае слова» расказвае пра пяцігоддзе Яраслава Зайцава – першага жыхара Верхнядзвінскага раёна, які з’явіўся на свет у ХХІ ст. У 2001-м яго бацькам Алене і Аляксандру старшыня Верхнядзвінскага райвыканкама Іосіф Палачанін уручыў дакументы на халадзільнік.

Праз пяць гадоў сям’ю зноў запрасілі ў райвыканкам, каб адзначыць гэту дату. Яраслаў быў не па ўзросце развітым хлопчыкам, свабодна валодаў камп’ютарам. Іосіф Палачанін падарыў яму вялікага лялечнага сабаку, а бацькам – чайны сервіз. Да школы Яраславу ўлады абяцалі падарыць ранец з усімі неабходнымі для вучобы прыладамі. А да 10-годдзя – асабісты камп’ютар. Калі, канечне, будзе добра вучыцца…

3 студзеня 2018-га адзінаццацікласнік Верхнядзвінскай гімназіі Яраслаў Зайцаў адзначыў 17-годдзе. Як паведаміла дырэктар навучальнай установы Галіна Васёха, хлопец на паглыбленым узроўні вывучае матэматыку і фізіку. Яраслаў з’яўляецца пераможцам раённай алімпіяды па грамадазнаўстве і з 8 студзеня будзе абараняць гонар Верхнядзвіншчыны на абласным этапе. Жадаем яму поспехаў!

Поделиться новостью в социальных сетях:


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны