Дзяцінства маніць кожнага з нас. Яркімі фарбамі, звонкімі галасамі, першымі вялікімі радасцямі і расчараваннямі. Бацькі, Радзіма, сябры – самыя галоўныя словы ў жыцці кожнага чалавека. І калі ты ў сталым ўзросце, назапасіўшы пэўнага вопыту, здолеў усё асэнсаваць і расказаць пра гэта свету, то і свет адлюструе табе радасць, прызнанне, шчырую любоў… Раман-эсэ «Чырвоны мост» нашага земляка Навума Гальпяровіча, які сёлета на ХХХІІІ Дні беларускага пісьменства ў Касцюковічах узяў Нацыянальную літаратурную прэмію ў намінацыі «Лепшы твор прозы», менавіта пра гэта – матулін запавет, шчырае сяброўства і шэпт нябёсаў…
– Навум Якаўлевіч, аматары вашай творчасці ведаюць вас як паэта, і амаль ўсе вашы папярэднія кніжкі – зборнікі вершаў. Як вы прыйшлі да прозы і пра што ваш не зусім звычайны раман «Чырвоны мост»?
– Жаданне паспрабаваць сябе ў прозе ў маёй падсвядомасці жыло даўно. Калі я апублікаваў свае першыя вершы, мая мама, якая, на жаль, рана пакінула гэты свет, сказала: «Сынок, а ты не спрабаваў пісаць прозу?» І гэты запавет быў заўсёды са мной. А потым аднойчы падчас сустрэчы і Янка Брыль таксама мне сказаў: «Навум, вы, магчыма, маглі б стаць выдатным празаікам». Ды я і сам хацеў расказаць пра сябе, пра маму, пра мой горад, пра сваіх сяброў.
У кніжцы «Чырвоны мост», акрамя майго Полацка, дзяцінства, ёсць унікальны фрагмент, я б назваў яго сагай пра сяброўства. Мне пашчасціла сябраваць са сваімі аднакласнікамі больш за 30 гадоў. Гэта былі самыя верныя мае сябры. На жаль, так атрымалася, што аднаго з іх ужо не стала, а другі аслеп, жыве ў Полацку. Нашы шляхі крыху разышліся. Але сябры засталіся, у гэтай кніжцы таксама.
У рамане – маё дзяцінства, блізкія людзі, тата, мама і многае іншае, праз што я пазнаваў свет. І яшчэ Полацк. Другую сваю кніжку я назваў «Мой Іерусалім». Гэта зноў пра Полацк, пра ўсё, што звязана з маім станаўленнем. Я не ведаю, кім бы стаў у жыцці, калі б не ўплыў майго роднага горада. Я нарадзіўся насупраць Сафійскага сабора, а жыў каля Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра. Гэта мне як нейкае наканаванне было. І адклала, безумоўна, адбітак на маё жыццё.
Віцебск для мяне – таксама частка жыцця. Свае першыя вершы я надрукаваў у газеце «Віцебскі рабочы». І першым чалавекам, які заўважыў мяне, быў Давід Сімановіч, які паслаў мяне на семінар маладых пісьменнікаў. Такім чынам ён у многім абазначыў маю сувязь з літаратурай...
– Як праходзіць ваш творчы працэс? Калі вы садзіцеся за напісанне: калі ўжо нельга словы трымаць у душы ці гэта ў вас планамерная работа?
– Не, у творчасці ў мяне няма планамернасці. Вершы могуць прыйсці і ў трамваі, і па дарозе на работу, і ў любы час. Прыйдзе адзін радок, а потым ён можа ператварыцца ў верш. Я звычайна кажу высокімі словамі, што паэзія – гэта шэпт нябёсаў, і трэба проста настроіць інструмент, каб гэты шэпт пачуць.
Што тычыцца прозы, то яна патрабуе часу. І цяпер, калі я вызваліўся ад адміністрацыйнай працы (я быў дырэктарам Дырэкцыі замежнага вяшчання
16 гадоў), у мяне ёсць 24 гадзіны ў сутках. І як толькі прыйдзе нешта, саджуся і набіраю тэкст. Работа ідзе пастаянна. Я ўжо здаў у выдавецтва рукапіс новага рамана «Мой Іерусалім», а потым ноччу прачнуўся і думаю: «А вось пра гэта я не напісаў». І сеў, дапоўніў. Часам ноччу ўспаміны прыходзяць. І гэта закладваецца ў маю жывую чалавечую памяць.
– Вы ўжо маеце прызнанне як творца. У вас ёсць шмат узнагарод. А ці ёсць нейкая мара ў жыцці? Чаго хочацца дасягнуць?
– Хочацца падзяліцца ўсім, што я назапасіў за жыццё. Хочацца паспець. Размаўляў з адным чалавекам пра Генадзя Бураўкіна, і ён сказаў: «Ну ты ж напішы гэта!» Думаю, што абавязкова трэба напісаць, бо я з ім быў доўга звязаны: ад першага знаёмства ў Полацку, калі я быў карэспандэнтам, да сумеснай працы ў «Вожыку». Хочацца напісаць далей пра Полацк, Мінск, Віцебск, пра мае сустрэчы і добрых людзей. І, вядома, не магу абысці праграму «Суразмоўцы», аўтарам і вядучым якой я з’яўляюся. Гэта таксама творчасць. Я ніколі не дзяліў асабліва журналістыку і літаратуру. Яны блізкія. Калі займаўся журналістыкай, думаў пра літаратуру; калі займаўся літаратурай, думаў пра журналістыку. Але… Яны хоць і блізкія, але патрабуюць розных падыходаў. Мне ўдавалася знайсці шляхі перасячэння. Праграма «Суразмоўцы» – гэта не проста журналістыка і публіцыстыка, гэта натхненне, жывая гаворка з людзьмі, сапраўднае стварэнне твора. Таму, колькі дасць Бог часу займацца гэтым, я буду займацца.
– Дзякуй вам за цікавую гутарку. Натхнення вам і творчых поспехаў!
Даведка «ВВ»
Навум Якаўлевіч Гальпяровіч нарадзіўся ў Полацку. Пасля заканчэння сярэдняй школы працаваў на Полацкім шклозаводзе, у сродках масавай інфармацыі горада. Затым, пасля заканчэння журфака БДУ, жыў і працаваў у Наваполацку. З 1981 года — уласны карэспандэнт Дзяржтэлерадыё БССР па Віцебскай вобласці. Працаваў намеснікам галоўнага рэдактара ў часопісе «Вожык», дырэктарам Дырэкцыі замежнага вяшчання Беларусскага радыё, у іншых СМІ. Зараз спецыяльны карэспандэнт аддзела рэдактараў Белтэлерадыёкампаніі.
Аўтар больш за 20 кніжак. Заслужаны дзеяч культуры Беларусі. Ганаровы грамадзянін Полацка і Наваполацка.
Фота з архіва рэспандэнта