Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Культура

Нашчадкі песняра. Пра радавод Якуба Коласа распавяла ў Віцебску яго ўнучка Вера Міцкевіч

Здаецца, што яшчэ новага можна знайсці ў біяграфіі і творчасці класіка сусветнай і беларускай літаратуры, народнага паэта Беларусі Якуба Коласа? Але ў коласазнаўстве знаходзяцца новыя факты, удакладняюцца дэталі і нараджаюцца новыя даследаванні і кнігі. З гэтай высновы пачалася сустрэча з навуковым супрацоўнікам Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, унучкай Якуба Коласа Верай Міцкевіч у Віцебскай абласной бібліятэцы.

Сапраўднае імя Якуба Коласа — Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч. Нарадзіўся 3 лістапада 1882 года на Стаўбцоўшчыне (Мінская вобласць).  Бацькі — Міхаіл Казіміравіч і Ганна Юр’еўна паходзілі з сялян вёскі Мікалаеўшчына, 12 км ад Стоўбцаў. Сямья была шматдзетнай –13 дзяцей, але да сталых гадоў дажылі 9.

– Нашаму роду пашанцавала, у яго вельмі глыбокія карані, ён даволі разгалінаваны, – гаворыць Вера Даніілаўна Міцкевіч. – Чыста па лініі Якуба Коласа ­–  3 сыны, 6 унукаў, па 7 праўнукаў і прапраўнукаў.

Бацька Канстанціна Міхайлавіча (Якуба Коласа) Міхаіл Казіміравіч, усім вядома па паэме “Новая зямля”, быў лесніком у Радзівілаў. З раніцы да ночы быў заняты ў лесе, па гаспадарцы дапамагаў яго родны брат Антон, які вельмі ярка прыгадваецца ў “Новай зямлі”. Дзядзька - кухар, не меўшы сваёй сям’і, дапамагаў гадаваць і малых.

Старэйшы брат Костуся (так звалі маленькага Коласа ў сям’і) Уладзя быў звычайным селянінам, лесніком, жыў у Акінчыцах.

Яшчэ адзін брат – Алесь стаў чыгуначнікам  у Белгарадскай вобласці. Пражыў да 1941 года. Сястра Міхаліна  таксама працавала на чыгунцы Данбаса, але ў 1921-м вярнулася на радзіму ў Ласток. Сястра Юзефа нарадзіла 10 дзяцей. А вось у самай малодшай сястры Алены дзетак не было, разам з мужам яны даглядалі сядзібу і сад Коласа ў Мінску.

Дзякуючы ім захаваліся лісты перапіскі Канстанціна Міхайлавіча  з жонкай Марыяй Дзмітрыеўнай, якія нядаўна былі выдадзены ў кнізе “Табой я жыў, табой жыву…”.

Малодшы брат Міхась займаўся літаратурай, вёў перакладчыцкую дзейнасць. Самая малодшая сястра Маня пражыла самае доўгае жыццё – 95 год, яе не стала ў 1995 годзе.

Распавяла Вера Міцкевіч і пра тое, як пазнаёміўся дзядуля са сваёй будучай жонкай. Абое былі настаўнікамі і ўбачылі адзін аднаго ў Пінску на семінары. Па другой версіі – ён кватараваў у доме, дзе здымала жыллё і маладая настаўніца Марыя. Так ці інакш, пабраліся яны шлюбам у Пінску. На жаль, у Марыі Дзмітрыеўны было не вельмі доўгае жыццё, яе не стала ў 55 год, у 1945 годзе.

У Канстанціна з Марыяй, як ужо ўзгадвалася вышэй, было тры сыны. Старэйшы Данііл стаў хімікам, але прымаў непасрэдны ўдзел у стварэнні філіяла музея Коласа на Стаўбцоўшчыне. Сярэдні Юрка (Георгій па пашпарце) марыў стаць геолагам, але загінуў у пачатку Вялікай Айчыннай. Яшчэ ўдзельнічаў у абароне Смаленска, апошні ліст ад яго прыйшоў з-пад Ярцава. Лічыцца прапаўшым без вестак.

Малодшы сын Міхась Канстанцінавіч скончыў Беларускі політэхнічны інстытут па спецыяльнасці “тэхналогія машынабудавання”. Жаніўся на дачцэ Янкі Маўра – Наталлі.

Сярод унукаў Якуба Коласа – большасць тэхнары, эканамісты, але ёсць і гуманітарыі, напрыклад, праўнучка Васіліна працуе галоўным захавальнікам фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, займаецца навукай. Сама Вера Даніілаўна скончыла інстытут народнай гаспадаркі, часта выступае з артыкуламі па тэме коласазнаўства.

– Якуб Колас вельмі любіў сваю сям’ю, наогул, людзей, Бацькаўшчыну, – адзначыла напрыканцы сустрэчы Вера Міцкевіч. – Двойчы, калі яму прыходзілася быць далёка ад радзімы, а гэта было ў часы Першай сусветнай вайны і Вялікай Айчыннай, ён вельмі тужыў па Беларусі.

Шлях, які прайшоў Якуб Колас, – адметны. Асноватворныя ўласцівасці яго жыцця і творчасці – сумленнасць, высакароднасць, неабыякавасць, імкненне дапамагчы ў цяжкіх абставінах, грунтоўнасць ва ўсіх жыццёвых праявах.  І сёння гэтыя якасці служаць арыенцірам для новых пакаленняў беларусаў.

Фота Святлана ДЗЯДЗІНКІНА 


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ