Амаль трыццаць гадоў налічвае працоўны стаж трактарыста-машыніста адкрытага акцыянернага таварыства «Буеўшчына» Шаркаўшчынскага раёна Андрэя Пастнога.
Увесь гэты час мужчына працуе на трактарах айчыннай маркі «Беларус». Да таго ж падчас зернеўборачнай кампаніі яшчэ перасаджваецца за штурвал камбайна і ўбірае збажыну.
– На трактарах шчырую вось ужо 28 гадоў, – кажа Андрэй, – а на зернеўборачных камбайнах – 20 сезонаў. Сялянская праца мне даспадобы, сам вырас у вёсцы, дасканала ведаю справу хлебароба. Вясной займаюся ўнясеннем мінеральных угнаенняў, праводжу падсеў траў. З пачаткам корманарыхтоўчых работ вяду касьбу траў, а калі настае жніво – перасаджваюся на зернеўборачны камбайн. Сёлета дзявяты сезон убіраў збажыну на «Палессі» КЗС-1218.
Андрэй не гоніцца за граматамі, прызавымі месцамі ў раённых спаборніцтвах. Мужчына сціпла, з душой і вялікай адказнасцю за даручаную справу выконвае свае абавязкі.
Сёлетняй вясной механізатар унёс мінеральныя ўгнаенні на плошчы 2327 гектараў, што ў значнай ступені паўплывала на ўраджайнасць зерневых культур. Летам стаў адным з раённых лідараў на касавіцы: у счэпе з касілкай КДН-3,4 скасіў травы на плошчы 971 гектар. А падчас жніва намалаціў 805 тон зерневых, зернебабовых культур і рапсу. А гэта дастойны вынік для механізатара.
На мінулым тыдні ААТ «Буеўшчына» атрымала новы трактар «Беларус-952.3». Кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства не вагалася, каму даручыць тэхніку. Ключы ад «сталёвага каня» цяпер у надзейных руках перадавога механізатара Андрэя Пастнога.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.