Жывое слова, жывы погляд. Алег Салтук пазірае з экрана ў бібліятэчнай зале. Арганізатары сустрэчы нават знайшлі яго выступленне, дзе ён сам чытае свой верш. А мне ён успамінаецца жывым, бо давялося не адзін год працаваць разам у абласной газеце “Віцебскі рабочы” (цяперашнія “Витебские вести” якраз і ўтварыліся ў выніку аб’яднання “Віцебскага рабочага” з “Народным словам”). Якім запоўніўся Алег Уладзіміравіч? Сур’ёзным, прынцыповым, вельмі патрабавальным да слова. Ён добра разумеў, хто чаго варты, і калі даваў чалавеку “зялёнае святло” на ўступленне ў Беларускі саюз пісьменнікаў, то можна было быць упэўненым, што ў таго сапраўды ёсць талент!
Самародкам быў і сам паэт, які нарадзіўся ў в.Рыжэнькі на Шуміліншчыне. Яго бацькі былі хлебаробамі, і менавіта ад іх ён навучыўся любіць родную зямлю, родную мову і родную песню. Пазней сям’я пераехала на Ушаччыну. Не менш прыгожыя мясціны не пакінулі раўнадушным чуллівую душу юнака, з якой, як птушкі, пачалі вылятаць цудоўныя вершы. Пра любоў да Радзімы, подзвіг беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, простыя жыццёвыя клопаты, чалавечыя адносіны.
Яшчэ ў школьныя гады ён дасылаў свае допісы ў раённую газету «Герой працы» (г. п. Шуміліна) і ў «Піянер Беларусі». Падчас службы ў Савецкай Арміі друкаваўся ў вайсковых газетах, у «Літаратурнай газеце», часопісах «Агеньчык», «Наш сучаснік», «Дружба народаў».
Першы верш надрукаваў у 1965 годзе ў газеце «Магілёўская праўда» з адабрэння Аляксея Пысіна, які быў яго літаратурным настаўнікам.
Дарэчы, добрыя зносіны звязвалі Алега Салтука са многімі вядомымі беларускімі пісьменнікамі: Рыгорам Барадуліным, Кандратам Крапівой, Генадзем Бураўкіным, Максімам Лужаніным і іншымі.
У “Віцебскім рабочым” шмат гадоў вёў літаратурную старонку.
І ніколі не забываўся пра свае дзве маленькія радзімы – Шуміліншчыну і Ушаччыну. Дырэктар Шумілінскай цэнтральнай бібліятэкі Маргарыта Скуратава расказала, што Алег Уладзіміравіч прыязджаў у госці да землякоў, сустракаўся з імі ў нефармальнай абстаноўцы, а ў апошнія гады жыцця падараваў установе культуры сапраўдны скарб – кнігі з асабістай бібліятэкі з даравальнымі надпісамі аўтараў.
– На працягу 19 гадоў Алег Салтук узначальваў пісьменніцкую арганізацыю вобласці, – адзначыла заслужаны дзеяч культуры Беларусі, старшыня абласной арганізацыі Саюза пісьменнікаў Беларусі Тамара Краснова-Гусачэнка.– Арганізацыя тады была нешматлікая, але ў яе ўваходзілі сапраўды таленавітыя людзі. Калі ў 2005 годзе быў адноўлены наш Саюз, яны склалі яго касцяк. І Алег Уладзіміравіч быў у ліку першых, хто прыйшоў падтрымаць не толькі зноў створаную арганізацыю, але і дапамагаў мне асабіста як старшыні, перадаваў свой багаты вопыт.
Нагадала Тамара Краснова-Гусачэнка і пра ўзнагароды паэта. Асабліва значныя з іх – літаратурная прэмія Ленінскага камсамола Віцебшчыны, літаратурная прэмія імя Уладзіміра Караткевіча ў 2000 годзе, першая прэмія “Залаты купідон” рэспубліканскага літаратурнага конкурсу “Лепшы твор” у намінацыі “Паэзія” (цяпер гэта Нацыянальная літаратурная прэмія Рэспублікі Беларусь).
Алег Салтук – аўтар зборнікаў паэзіі «Пачатак дня», «Працяг», «Святло зямлі», «На далонях жыцця», «Трывога лёсу», «Не разлюбі», «На вейцы веку», “Дзве зары”.
Шмат добрых слоў у адрас паэта сказалі намеснік старшыні абласной арганізацыі Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Намеснікаў, былая загадчыца Літаратурнага музея Святлана Казлова. І, канечне, на працягу ўсёй вечарыны гучалі незабыўныя радкі Алега Салтука, якія найбольш ярка раскрывалі яго душу, яго свет, яго жыццё.
Як зацвітуць у лесе верасы,
Лісты адчай адчуюць на асіне
І жураўліны клін трывожна кіне
На стомленую вёску галасы.
Іду прытоена ў прыціхлы лес,
Дзе дзятлы талакою канапацяць
Зіркатыя вуглы ў аглухлай хаце
Каб снегавей ў сцюжу не залез.
Ніводнай краскі. Белая раса.
А верасы гараць агнём ружовым.
Я рады ім, нібы дзіця абновам
І абнаўляюся душою сам.
І цёпла мне, і цёпла верасам,
І цёпла ў сэрцы матчынаму слову.
Любоў ЦУКАНАВА. Фота Пятра ЧЫМКОЎСКАГА.