Яго сапраўднае імя Іван Якаўлевіч Івашын (1881–1964), нарадзіўся ў сялянскай сям’і ў в. Купніна Чашніцкага раёна. У 1912 годзе ў бацькоўскай хаце пабываў Янка Купала. З песняром Іван Івашын меў перапіску. Пасля заканчэння Полацкай настаўніцкай семінарыі ў 1902 годзе пачаў педагагічную дзейнасць, выкладаючы ў пачатковых школах на Віцебшчыне. У перыяд з 1906 па 1909 год працягнуў адукацыю ў настаўніцкім інстытуце. Пасля гэтага Янка Журба працаваў выкладчыкам рускай мовы і літаратуры ў гарадскіх і пачатковых вучылішчах, таксама ўдзельнічаў у навукова-педагагічнай камісіі Наркамасветы БССР і займаў пасады інспектара ў Бабруйскім і Калінінскім (Клімавічы) акруговых аддзелах народнай асветы. У 1934 годзе Янка Журба пераехаў у Мінск, дзе працаваў у Інстытуце мовазнаўства АН БССР, але ў 1937 годзе быў вымушаны пакінуць працу з-за праблем са зрокам, з 1941 года і пасля вайны пражываў у Чашніцкім раёне.

Апошнія гады жыцця, страціўшы зрок, Янка Журба правёў у Полацку, знаходзячы прытулак у сваякоў, манашак зачыненага Свята-Еўфрасінеўскага манастыра.
Першы яго верш “На беразе Дзвіны" быў апублікаваны ў 1909 г., з таго часу вершы і апавяданні Я. Журбы рэгулярна з'яўляліся на старонках газет і часопісаў. Аўтар зборнікаў паэзіі «Заранкі» (Мінск, 1924), «Ясныя шляхі» (1959), «Вершы» (1970), «Роднае» (1980), «Мая песня» (1984) і кніжак вершаў для дзяцей «Ластаўкі» (1950), «Сонечная раніца» (1955), «Светлыя дні» (1959).
Творчасць Я. Журбы мацавала лірычны статус беларускай паэзіі, яна прасякнута грамадзянскім, патрыятычным пафасам.








