Автор: . Дата создания:

112 маладых спецыялістаў пачалі сёлета працоўную біяграфію на Пастаўшчыне. Гэта жывёлаводы і механізатары, урачы і бухгалтары, інжынеры і повары, аграномы і лесаводы… Іх з радасцю прынялі калектывы, паклапаціліся, каб жыццё на новым месцы было камфортным. Па гэтай жа прычыне з маладымі спецыялістамі сустрэліся кіраўнікі раёна, прадстаўнікі розных службаў і ведамстваў. Гаварылі пра рознае: перспектывы краю, заработную плату і прадастаўленне жылля, вольны час. У кожным з азначаных накірункаў у моладзі ёсць магчымасць росту і развіцця, у чым запэўніў удзельнікаў сустрэчы старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Курто. Юнакі і дзяўчаты наведалі “Пастаўскі мэблевы цэнтр”, малаказавод, спартыўна-турысцкі комплекс “Азёркі”, трэнажорную залу, басейн, гісторыка-краязнаўчы музей.

Многія былі прыемна ўражаныя ўбачаным. А вось Даяна Дражына-Рошча ўжо плавала ў басейне, выходзіла на сцэну Дома культуры. За некалькі месяцаў, што працуе ў ААТ “Кураполле-Агра” пасля размеркавання, двойчы брала ўдзел у канцэртах, запомнілася гледачам вакальнымі здольнасцямі.

– Я родам з Аршаншчыны. Бацька – аператар кацельні, маці – медработніца. Магла вярнуцца на малую радзіму, але выбрала Пастаўшчыну, дзе ў “Кураполлі-Агра” праходзіла практыку. Спадабаўся край, людзі, іх добразычлівасць, – расказала Даяна.

Добразычлівасць у лік найважнейшых фактараў Даяна паставіла асэнсавана. Хоць Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію скончыла з дыпломам з адзнакай і атрымала трывалую базу, пачынаць працоўную біяграфію з пасады галоўнага бухгалтара было, прызнаецца, няпроста. Вядома, даводзіцца яшчэ многае пазнаваць ў арганізацыі ўліку, разнясенні затрат, налічэнні заробку…Але побач з ёй людзі спагадлівыя і шчырыя – падкажуць, дапамогуць, накіруюць.

– Яна прынцыповая, ва ўсё ўнікае, калі што не разумее, пракансультуецца ў вопытных калег, – сказаў кіраўнік сельгаспрадпрыемства Васіль Касцень. — Такім жа добрым спецыялістам абяцае стаць і яе муж, інжынер Васіль Дражын. Практыку таксама праходзіў у нас. На працу выйдзе ў лютым, цяпер абараняе дыплом у сельгасакадэміі.

Маладой сям’і гаспадарка выдзеліла дом. Але пакуль Даяна вырашыла жыць у райцэнтры, дзе зняла кватэру. Напэўна, не зусім зручна жыць за дзясятак кіламетраў ад працы, пацікавілася ў яе.

– Не, – адказала Даяна. – Гаспадарка апочвае частку квартплаты. На работу і дадому возіць машына сельгаспрадпрыемства. І па вечарах не адарваная ад калектыву, бачуся з маладымі жыхарамі Кураполля, якія прыязджаюць у спартыўныя секцыі і басейн з аграгарадка. Мне падабаюцца Паставы, тут разлічваем з мужам пусціць карані.

Фота з сямейнага альбома Васіля і Даяны.