Автор: . Дата создания:

Дарагія браты і сёстры ў Хрысце, шаноўныя суайчыннікі!

“Так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае” (Ян 3,16).

Свята Пасхі мае свой пачатак у гісторыі вызвалення Абранага Богам народа з егіпецкай няволі. Пасха, перажытая Езусам Хрыстом, распачала новую гісторыю – гісторыю вызвалення ўсяго свету з няволі граху і смерці. Гэтая гісторыя праходзіць праз жыццё кожнага з нас і дакранаецца да самай глыбіні душы і сэрца чалавека. На яе можна заплюснуць вочы, але тады мы становімся падобнымі да фараона, які, ігнаруючы папярэджанні Маісея, наклікаў на сябе і свой народ бедствы.

Але можна падобна да габрэяў у Егіпце, якія ў Пасхальную ноч пазначылі дзверы сваіх дамоў крывёй ягняці, і нам прыняць удзел у збаўчай Ахвяры Божага Сына, акрапляючы сваё сэрца Крывёю Хрыста і ратуючы сябе такім чынам ад вечнага пакарання.

Так дзейнічае Міласэрная Любоў Уваскрослага Збаўцы.

Яна ніколі не нараджала рэвалюцый і не прэтэндавала на месца ў палітычным істэблішменце, але заўсёды закладала трывалы падмурак цывілізаванага развіцця чалавецтва. Прынятая як узор да наследавання не толькі адкрывае нам браму ў вечнае жыццё, але перадусім робіць нас здольнымі годна прайсці свой зямны шлях.

Сёння мы асаблівым чынам адчуваем патрэбу ў духоўнай сіле і мудрасці, каб пераадолець выпрабаванні, якія апошнім часам выпадаюць на наш лёс. Сёння нам патрэбная вера, каб з надзеяй глядзець у будучыню і каб з любоўю будаваць нашую сучаснасць. Менавіта з любоўю, бо толькі яна здольная навучыць чалавека размаўляць і прабачаць, быць спагадным і разумець патрэбы бліжніх, радавацца і спачуваць, як гэта рабіў Хрыстос. А Ён перамог гэты свет, свет які часта быў варожа настаўлены да Яго. Перамог праз свой Крыж і Уваскрасенне. Перамог, не прыніжаючы сваіх апанентаў да зямлі, але ўздымаючы чалавека з бруду граху і смерці, вяртаючы яму годнасць Божага Сыноўства.

Паспрабуйма ісці гэтым шляхам Хрыста – цярністым і вузкім, але пэўным і пераможным! Шляхам, напрыканцы якога ззяе хвала Уваскрослага Збаўцы. І няхай яна асвячае кожнае вашае сэрца, кожны ваш дом і нашую родную Беларускую Зямлю – зямлю пад белымі крыламі!

Здароўя і Божага бласлаўлення! Хрыстос Уваскрос! Са Святам! 

+Алег Буткевіч

Біскуп Віцебскі