Автор: . Дата создания:

Гульню-квэст "Роднай мове прысвячаецца" правялі ў Полацку. Нестандартная форма папулярызацыі беларускага слова выклікала цікавасць сярод моладзі.

“Мы – беларусы, і мову гэту да скону дзён нам берагчы. У ёй знаходзім светач ведаў, праменняў мудрасці ключы,” – з такімі плакатамі выйшлі на квэст яго ўдзельнікі. Стартавала гульня ў сімвалічным месцы: каля памятнага знака літары "У нескладовае", якая сустракаецца толькі ў беларускім алфавіце.  Кожная з шасці каманд атрымала маршрутны ліст, у адпаведнасці з якім павінна была выконваць прапанаваныя заданні на станцыях “Вышыванка”, “Музычны куфэрак”,  “Алфавіт для разумных і кемлівых” і інш.

Каб правільна адказаць на пытанні, хлопцы і дзяўчаты мусілі ведаць не толькі адметныя беларускія словы, але і вершы, песні, танцы, навуковыя тэрміны, элементы традыцыйнага аддзення нашых продкаў. Галоўнай мэтай праекта, па задуме арганізатараў, стала далучэнне моладзі да беларускай мовы праз знаёмства з гісторыка-культурным мінулым Полацка ў цікавай гульнявой форме.

У выніку лепшай стала каманда Полацкай дзяржаўнай гімназіі №1 імя Францыска Скарыны, дзе ўжо шмат гадоў запар пад кіраўніцтвам таленавітага педагога Алены Казловай паспяхова рыхтуюць пераможцаў абласных і рэспубліканскіх алімпіяд па беларускай мове. У назве каманды – “Валошкі” – вучні школы вырашылі адлюстраваць адзін з сімвалаў нашай Радзімы. Трапяткую сінюю кветку, з якой Уладзімір Караткевіч параўноўваў і саму беларускую мову, можна пабачыць на эмблеме гімназіі.

– Мне вельмі спадабалася гульня. Праз такія праекты мы яднаемся і з роднай мовай, і паміж сабой, - падзялілася ўражаннямі вучаніца гімназіі №1 Анастасія Шалепіна. Яна лічыць, што цікавасць моладзі да беларускай мовы сёння ўзмацняецца, і гэта выклікае аптымізм наконт яе больш шырокага распаўсюджання.

Капітан “Валошак” Дар’я Мамошына адзначыла, што падрыхтоўка да квэста дапамагла школьнікам значна падцягнуць свае веды і яшчэ раз задумацца, наколькі важна шанаваць роднае слова як  найвялікшы скарб і аснову самабытнасці нашага народа.  З беларускай мовай Даша плануе звязаць і свой прафесійны  лёс. “Гэта тое, чым я хачу займацца кожны дзень”, - сказала дзяўчына.

Фота Вiкторыi Пазняк i А. Марцiнкевiча