Автор: . Дата создания:

Жнівень Спасамі багаты. Двум першым – Мядоваму і Яблычнаму – на Полаччыне прысвяцілі вялікія экалагічныя фэсты, а на трэці, які называюць Арэхавым або Хлебным, зладзілі ўрачыстасць ў перадавой гаспадарцы “Гараны-Агра” – філіяле Полацкага камбіната хлебапрадуктаў.

Павіншаваць герояў залатой нівы, выказаць ім шчырыя словы захаплення і падарыць прыемныя хвіліны кароткага адпачынку прыехалі творчыя калектывы Полацкага раённага Цэнтра культуры і Гаранскага СДК, народны фальклорны ансамбль “Галасы спадчыны” і ансамбль песні “Фярцінка” Багатырскага СДК.

Артысты прывіталі землякоў сардэчнай песняй і прапанавалі ўзгадаць, як адзначалася свята ў даўніну. “Хлебны Спас – у засеках прыпас”, – казалі ў народзе. У земляробчым календары гэты дзень азначаў завяршэнне ўборкі збожжа, таму асаблівую ўвагу нашы продкі надавалі апошняму снапу, што сімвалізаваў усеагульны дабрабыт, пладаноснасць і багацце. Яго паважна звалі “гаспадаром”, лічылі ўладальнікам магічнай сілы, якую з дапамогай адмысловых рытуальных дзеяняў імкнуліся захаваць увесь наступны год.

Звязаныя арнаментаванай стужкай адборныя хлебныя каласы ўдзельнікі абраду ўручылі дырэктару філіяла “Гараны-Агра” Аляксандру Калтунову, павадзілі карагод з песнямі, а потым папрасілі кіраўніка высока падкінуць сноп тры разы з пажаданнямі працоўнай удачы, новых багатых ураджаяў, здароўя і шчасця ўсім рупліўцам зямлі полацкай.

– Поспех на полі – гэта плён працы ўсіх нашых людзей, ад паляводаў і механізатараў да галоўных спецыялістаў. І кожнаму, хто прыклаў намаганні, каб мы сёлета атрымалі дастойны каравай, я шчыра дзякую за стараннасць, адказнасць, любоў да роднай зямлі, – сказаў Аляксандр Калтуноў.

Жніво ў філіяле “Гараны-Агра” завяршылі з самымі высокімі ў раёне паказчыкамі, нарыхтаваўшы 5800 тон зерня пры ўраджайнасці 44,9 ц/га. Экіпаж Сяргея Гарбаценкі і Ігара Данілкіна з улікам рапсу намалаціў больш за тры тысячы тон зерня. Яшчэ чатыры экіпажы пераўзышлі тысячны рубеж. Усе камбайнеры і вадзіцелі, што вызначыліся падчас жніва, атрымалі на свяце падарункі. Іх пачаставалі караваем, выпечаным з мукі новага ўраджаю, і халодным хлебным квасам.

Фота Ларысы Малашэні.