Многія, хто жыве ў сельскай мясцовасці, мараць мець уласную гаспадарку, развівацца, зарабляць грошы, але далёка не кожны можа адважыцца на такі сур’ёзны крок.

Шмат часу жыў з думкай пра фермерства Станіслаў Странчэўскі з аграгарадка Радзюкі. Нарадзіўся і вырас мужчына ў вёсцы, з маленства ведае цану хлебу, шмат гадоў адпрацаваў механізатарам на КУВСП імя Маркава, заўсёды быў у ліку перадавікоў сельгасвытворчасці.
– Аднойчы на сямейным савеце абмеркавалі пытанне аб заснаванні сялянска-фермерскай гаспадаркі, – кажа Станіслаў. – Узважылі ўсе за і супраць, а потым вырашылі: трэба адкрываць сваю справу, быць сапраўдным гаспадаром на сваёй зямлі.
Было гэта пяць гадоў назад, тады на падворку Странчэўскіх налічвалася пяць кароў, свінні, іншая жыўнасць. 18 гектараў зямлі, якія знаходзіліся ў розных месцах, апрацоўвалі ўласным трактарам з нешматлікімі прычапнымі агрэгатамі. Пакрысе гаспадарка павялічвалася: набывалася тэхніка, рос статак кароў, пашыраліся зямельныя надзелы.
– Восенню мінулага года і сёлетняй вясной мы пасеялі 8 гектараў зерневых, – працягвае Станіслаў. – Расце надзел бульбы, спадзяёмся на добры ўраджай, набылі легкавы аўтамабіль і рулонны прэс-падборшчык з абмоткай у стрэтч-плёнку. Парк тэхнікі цяпер складаецца з трох трактароў і зернеўборачнага камбайна. У планах – павялічыць колькасць сталёвых коней большай магутнасці, набыць па магчымасці грузавы аўтамабіль. Да таго ж і дойны статак пакрысе расце, цяпер у ім ужо 20 кароў.
Даглядаць за гаспадаркай дапамагае сын Вадзім, які разам з бацькам займаецца фермерствам. Працуе поруч з мужчынамі і спадарожніца жыцця Станіслава – жонка Святлана. Кароў трэба даіць тройчы на дзень. Хоць і маецца на тэхнічным узбраенні перасоўная даільная ўстаноўка з бензагенератарам, але без жаночых рук ніяк не абысціся.
– Прапрацоўваем пытанне аб укараненні сродкаў малой механізацыі ў працэсс кармлення жывёлы, вадапаення і гноевыдалення падчас яе стойлавага ўтрымання, – далучыўся да гутаркі Вадзім. – Пакуль усё робім уручную. Спадзяёмся, у хуткім часе ўсе гэтыя працэсы будуць механізаванымі.
Калі ў мінулым годзе мясцовае сельгаспрадпрыемства набыло новы зернеўборачны камбайн, узнікла пытанне, каму даручыць сучасную тэхніку. Дырэктар гаспадаркі Юрый Жынгель звярнуўся за дапамогай да фермера. Не змог адмовіць Станіслаў – на час жніва перасеў за штурвал камбайна.
– Трэба заўсёды прыслухоўвацца да людзей, – упэўнены мужчына. – Сёння я дапамагу, а заўтра і да мяне прыйдуць на выручку.
Станіслаў і яго родныя жывуць не толькі сённяшнімі клопатамі, але і ўпэўнена плануюць заўтрашні дзень, каб на стале заўсёды быў бохан свежага хлеба.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.