Зялены і чырвоны сыр пачалі выпускаць у Браславе

Печать

На паліцах шэрагу беларускіх магазінаў з’явіўся  зялёны і чырвоны сыр. Яго нязвыклы  колер прыцягваў увагу пакупнікоў, якія распытвалі прадаўцоў пра незвычайную навінку і, вядома, захацелі яе пакаштаваць.  На гэта і разлічвалі браслаўскія сыраробы філіяла Глыбоцкага МКК, калі  выпусцілі сваю навінку, якая напярэдадні навагодніх святаў павінна была на перанасычаным традыцыйнымі сырамі  рынку зацікавіць спажыўцоў. Што, дарэчы, і ўдалося.

Але перш, чым новы прадукт з’явіўся ў продажы, сспецыялісты не адзін месяц вывучалі нямецкі вопыт па вырабе каляровых сыроў, асвойвалі тэхналогію  іх вытворчасці, прыстасоўвалі смакавыя якасці  да ўжо папулярных  у пакупнікоў.  У выніку нарадзіліся сыры “Песта базіліка”  з базілікам і часнаком (зялёны) і  “Песта тамата”  са смакам  базіліку, майарану, арэгана, тамату і часнаку (чырвоны). Усяго ж за мінулы год, як сцвярджае  вядучы тэхнолаг Іна Бейнар,  на новым сучасным прадпрыемстве быў асвоены выпуск 44 відаў прадукцыі, сярод якой ёсць такая, што  не вырабляецца  больш нідзе ў Беларусі. Гэта  сметанкова-тварожны прадукт “Браслаўскі пачастунак” з рознымі  дабаўкамі, якія ствараюць своеасаблівы смак і могуць задаволіць любы густ. Нездарма на народным конкурсе “Чэмпіён смаку” ён заваяваў Гран-пры.

Дарэчы, у першы год работы пасля маштабнай рэканструкцыі   прадпрыемства, на сырным форуме першае месца было прысуджана сыру “Браслаўль”. Летась  на конкурсе “Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь лепшымі былі прызнаны сыры “Гройцар” і “Пашахонскі”.

– У 2016 годзе, – падзялілася  планамі Іна Аляксандраўна,  маем намер  пачаць выраб цвёрдага  элітнага сыру з працяглым тэрмінам паспявання накшталт літоўскага гатунку   “Джугас”.  І па-ранейшаму будзем нарошчваць вытворчасць запатрабаваных пакупнікамі сыроў, сярод якіх летась лідзіраваў “Мааcдамер Гранд” і якога штомесяц выпускалі па 50 тон.

Калектыў зусім крыху не дацягнуў да поўнага асваення магутнасцей прадпрыемства, разлічанага на 300 тон прадукцыі ў месяц, забяспечыўшы тэмп росту да мінулага года 136,7%.  Прычым працаваў не на склад.  Браслаўскія сыры з задавальненнем купляюць  гандлёвыя сеткі Масквы, Санкт-Пецярбурга, Калінінграда. Менавіта ў Расію было адгружана  летась больш за 75%  сыроў, а агульная рэнтабельнасць ад іх рэалізацыі склала   практычна  6%.

Фота Тамары Пашкевіч.

Поделиться новостью в социальных сетях:


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны