Автор: . Дата создания:

Ці дастаткова для дзіцяці 80 грамаў аўсянага хлеба і драбка солі ў дзень? Вядома ж, не. Гэтага хопіць толькі, каб яно не памерла з голаду. Але ад малых сірот, у якіх падчас акупацыі фашысты бралі кроў для параненых салдат, большага і не патрабавалася. Па афіцыйных дадзеных, на тэрыторыі Беларусі донарскіх “кропак”, дзе знясіленых хлопчыкаў і дзяўчынак абяскроўлівалі да смерці, было ажно 16. Адна з іх размяшчалася ў вёсцы Бельчыцы пад Полацкам.

Жудасныя факты часоў Вялікай Айчыннай вайны прыгадалі ўдзельнікі беларуска-расійскага патрыятычнага праекта “Дарогі памяці і Перамогі”.

Мерапрыемствы, якія праходзілі ў яго межах на Ушаччыне, у Полацку і Веліжы Смаленскай вобласці, былі прысвечаны подзвігу лётчыка 105-га гвардзейскага авіяпалка Грамадзянскага паветранага флоту Аляксандра Мамкіна, дырэктара Полацкага дзіцячага дома №1 Міхаіла Фарынкі і партызан Полацка-Лепельскай зоны, якія ў канцы 1943 – пачатку 1944 гадоў распрацавалі і паспяхова ажыццявілі аперацыю “Зорачка” па вывазе дзяцей-сірот на “Вялікую зямлю”.

Удзел у рэалізацыі праекта “Дарогі памяці і Перамогі” апрача арганізатараў – Грамадскай палаты Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, ваенна-навуковага таварыства пры Міністэрстве абароны Рэспублікі Беларусь, Беларускага саюза афіцэраў – прынялі прадстаўнікі адміністрацый рэгіёнаў, ветэраны вайны і працы, моладзь. Ганаровым госцем стала Галіна Цішчанка, колішняя выхаванка Полацкага дзіцячага дома, сведка тых страшных падзей.

– Вялікі гонар для мяне – быць сёння на вашай цудоўнай зямлі. Тут жывуць асаблівыя людзі! Памятаю, як у Славенях, куды мы – маленькія выхаванцы дзіцячага дома – былі часова накіраваны з Полацка, клапаціліся пра нас, кармілі, абагравалі, лячылі неабходным у такой сітуацыі мёдам. І вельмі прыемна, што пра асаблівага чалавека, якому я абавязана жыццём, – Аляксандра Мамкіна, ведае сучаснае пакаленне, ва Ушачах і Полацку імем лётчыка названы вуліцы, – звяртаючыся да ўдзельнікаў мітынгу ля помніка загінуўшым воінам і партызанам ва Ушачах, адзначыла Галіна Пятроўна.

Пра ваеннае ліхалецце, подзвігі ў барацьбе з фашызмам у гэты дзень прагучала нямала ўспамінаў. Падчас мітынгу імі падзяліўся ветэран Вялікай Айчыннай, наш зямляк Дзям’ян Крупеня. Намеснік старшыні Беларускага саюза афіцэраў Сяргей Собалеў падрабязна спыніўся на мэтах праекта “Дарогі памяці і Перамогі”.

Удзячнасць старэйшаму пакаленню за мірнае неба над галавой выказаў вучань Ушацкай сярэдняй школы, старшыня Маладзёжнай палаты раёна Яўген Бародзіч. У знак агульнай павагі да тых, хто ў гады змагання з фашызмам ахвяраваў жыццём, здабываючы Перамогу, да помніка і памятных пліт былі ўскладзены вянкі і кветкі.

Такая ж цырымонія адбылася і на мемарыяльным комплексе “Прарыў”. Гасцей чакала цікавая экскурсія і надзвычай адказная місія – забор зямлі ў спецыяльную капсулу, якая будзе змешчана ў крыпце храма Усіх Святых у Мінску.

 – Эмоцыі проста перапаўняюць! Абавязкова прыеду на Ушаччыну яшчэ. Дзякуй Богу, сілы ёсць: выпрабаванні лёсу, зведаныя ў маленстве, і гады нялёгкай працы на педагагічнай ніве навучылі быць стойкай, – сказала на развітанне Галіна Цішчанка.

Для Ушаччыны гэтая яскравая падзея стала стартам серыі мерапрыемстваў у гонар 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ, Ушачы, фота аўтара.