Агульная карціна баёў па вызваленні Асвейскага і Дрысенскага раёнаў у энцыклапедыях, даведніках і атласах паказана толькі некалькімі стрэлкамі-вектарамі заходняга накірунку.
Але людзі цікаўныя, такія, як краязнаўца з Верхнядзвінска Антон Бубала, па картасхемах, распрацаваных штабамі дывізій і палкоў, спярэшчаных рознакаляровымі ўмоўнымі знакамі, змаглі прачытаць гісторыю нялёгкага, падчас драматычнага вызвалення краю ад ворага. У шматлікіх папках з дакументамі, ксеракопіямі загадаў і данясенняў, сведчаннямі ветэранаў вайны, якія сабраў навуковы супрацоўнік мясцовага музея, – уся праўда пра падзеі таго часу.
У баях па вызваленні Асвейскага і Дрысенскага раёнаў ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў прынялі ўдзел 15 дывізій, некалькі танкавых брыгад і шэраг іншых вайсковых часцей і падраздзяленняў. Цяжкія баі разгарнуліся на рубяжах рэк Дрыса, Вужыца, Сар’янка, на вышынях Асвейскай грады і на Каханавіцкіх прасторах.
Прачытайце, прапануе Антон Бубала, хаця б некалькі старонак з журнала баявых дзеянняў 319-й стралковай дывізіі, якая ваявала ў ліпені 1944-га на Верхнядзвіншчыне, злучыце стрэлкамі названыя ў іх вёскі – вось вам і баявы шлях нашых салдат, якія разам з іншымі прынеслі свабоду.
13 – 14.7.44 г. Праціўнік працягваў адыход. Часткі дывізіі праследавалі ворага ў кірунку вёсак Рудня, Зябкі Медунецкія, Задзежжа, Забор’е. У 5.00 авангардны 1341-ы стралковы полк (СП) сустрэўся з праціўнікам у раёне Зайцава (зараз Стралкі). Разведчыкі артылерыі лейтэнанта Акаева далажылі, што праціўнік арганізаваў абарону па лініі Лунёва, Пушчавых, Чырвонцаў. 1341-ы СП заняў зыходнае становішча для наступлення трыма батальёнамі на паўночную ўскраіну Абрамава.
1336-ы і 1344-ы СП, якія ішлі ўслед за 1341-м, да 6.00 выйшлі на паўночную ўскраіну в. Маскалёнкі. 1336-ы СП да 7.00 заняў зыходнае становішча для наступу на рубяжы в. Пушчавыя, Чырвонцы, 1344-ы СП заставаўся ў рэзерве камандзіра дывізіі. У 16.00 1341-ы СП пры падтрымцы артылерыі і мінамётаў перайшоў у наступленне з задачай прарваць абарону праціўніка на мяжы в. Лунёва, Папелушова, авалодаць в. Зайцава і працягваць рух у напрамку Асвеі ўздоўж шашы. Пасля кароткага артналёту па пярэднім краі праціўніка пяхота паднялася ў атаку і ў выніку двухгадзіннага зацятага бою авалодала вёскамі Лунёва, Курылава, Зайцава, Стралкі. Смела дзейнічалі байцы і афіцэры батальёна капітана Жукава. Узвод лейтэнанта Кеніна першым уварваўся ў в. Зайцава. Сам Кенін застрэліў двух немцаў і двух узяў у палон. За смелыя і рашучыя дзеянні ўзвода ўсе прадстаўлены да ўрадавай узнагароды. Радавы Елісееў так сказаў пра свайго камандзіра: «З такім камандзірам не страшна ісці ў любы бой, ён нас не толькі вучыў, як ваяваць, але і на справе паказаў, як трэба біць ворага». Злева, дапамагаючы батальёну капітана Жукава, паспяхова наступаў батальён капітана Зенава. Рота, якой камандаваў лейтэнант Грашцоў, першай уварвалася на заходнюю ўскраіну Зайцава і выбіла немцаў з першай траншэі.
15.7.44 г. Праціўнік пад націскам нашых часцей пакінуў мяжу Зайцава – Курылава і адышоў на новы рубеж Прудок – Грыцкава – вышыня 138,2. 1341-ы СП заняў зыходнае становішча для наступу і рыхтаваўся збіць праціўніка і з гэтага абарончага рубяжа і працягваць праследаванне ў напрамку Асвеі. 1336-ы СП поспеху не меў, працягваў заставацца на занятым рубяжы. Праціўнік падцягнуў свежыя рэзервы і ў 11.00 паспрабаваў перайсці ў контратаку да роты пры падтрымцы двух танкаў і самаходнай гарматы, але агнём падраздзяленняў капітана Зенава контратака была адбітая. Пры гэтым здзейсніў новы подзвіг камандзір агнявога ўзвода батарэі 45-міліметровых гармат старшына Шчыгельскі. Ён выкаціў гармату на адкрытую пазіцыю і прамой наводкай знішчыў адзін танк. Другі не адважыўся выйсці з-за схованкі. Праз некаторы час назіральнік далажыў, што па шашы да пярэдняга краю падыходзяць дзве аўтамашыны з пяхотай праціўніка. Шчыгельскі зноў навёў сваю гармату і чатырма бранябойнымі снарадамі разбіў абедзве машыны, знішчыўшы да 50 немцаў.
У той жа дзень рота лейтэнанта Грашцова, якую ён падтрымліваў, не мела поспеху. Патрэбен быў «язык». Старшына Шчыгельскі вырашыў прабрацца да немцаў з тылу. Ён імкліва прабег прастору, што прастрэльвалася, ускочыў у траншэю праціўніка і, пастраляўшы там гітлераўцаў, аднаго ўзяў у палон. У гэтым жа баі гармата Шчыгельскага знішчыла тры кулямёты і падбіла 37-міліметровую гармату. Праціўнік для падтрымкі пяхоты выкарыстаў авіяцыю. У 16.00 група бамбавікоў з 9 самалётаў з’явілася над баявымі парадкамі нашых часцей, але была сустрэта агнём зенітнай артылерыі і кулямётамі капітана Сляпых. Камандзір разліку старшы сяржант Пахомаў збіў Ю-88, самалёты сышлі ў заходнім накірунку.
– За некалькі дзён баёў па вызваленні нашага краю загінула каля 3 тысяч салдат і афіцэраў, – падсумаваў свой расказ Антон Бубала. – У раёне налічваецца 90 воінскіх пахаванняў. Верхнядзвінская зямля сапраўды паліта крывёй тых, хто не змірыўся з акупацыяй, а потым гнаў ворага з нашай зямлі.
Фота з адкрытых крыніц.