Автор: . Дата создания:

Восенню 1941-га на Верхнядзвіншчыне ўжо дзейнічала падполле. Адна з яго груп знаходзілася ў пасёлку Боркавічы. Пра дзейнасць яе доўгі час было мала вядома. І толькі кніга Генадзя Капусцёнка “З верай у перамогу”, а пазней кніга “Памяць” і публікацыі настаўніцы Веры Ізосімавай, якая займаецца краязнаўствам, пралілі святло на тыя падзеі.

…Лютаўскай раніцай 1942 года фашысты сагналі амаль усіх жыхароў пасёлка Боркавічы да цэнтральнага магазіна. Там фашысты і іх памагатыя на тэлеграфным слупе ўзводзілі шыбеніцу. З натоўпу за імі сачылі былыя вучні Боркавіцкай сярэдняй школы Сяргей Прышчапёнак, Коля і Валодзя Садоўскія. Яны ведалі, што фашысты арыштавалі іх таварышаў: Сяргея Цыру, Леаніда Свіржэўскага, Івана Дукшынскага, Валодзю Бернатовіча, Валодзю Беляя і Мікалая Паўлёнка.

І вось з-за павароту паказалася машына. Арыштаваныя са звязанымі рукамі ляжалі ў кузаве. Першым гітлераўцы паднялі Беляя. Твар акрываўлены, адзенне парванае. Кат прывычным рухам накінуў на шыю хлопца пятлю і адышоў убок.

– Бывайце, таварышы, нашы прыйдуць, – паспеў крыкнуць хлопец. Другім пакаралі Мікалая Паўлёнка. Цяжкі ўздых ускалыхнуў натоўп. Валодзю Бернатовіча павезлі ў вёску Уладычана. Там, як і ў Боркавічах, да месца пакарання сілай сагналі людзей. Яны шчыльным колам акружылі сані. Нехта непрыкметна развязаў Валодзю рукі. У той момант, калі вазок пад’ехаў да шыбеніцы, Валодзя моцным ударам зваліў гестапаўца з ног і кінуўся бегчы. Толькі аўтаматная чарга, пасланая ўслед, нагнала юнака.

Трагічна склаўся лёс і астатніх трох юных мсціўцаў. Фашысты іх катавалі, а затым расстралялі ў полацкай турме.

Хто былі тыя шэсць юнакоў? Доўгі час на гэта пытанне нялёгка было адказаць ні старажылам Боркавічаў, ні партызанам, якія ведалі пра гібель патрыётаў. Многія баявыя таварышы Сяргея Цыры і яго сяброў загінулі. Пазней былы разведчык атрада «Баявы» Генадзь Капусцёнак, які таксама быў падпольшчыкам, у сваёй кнізе «З верай у перамогу» расказаў пра барацьбу моладзі супраць нямецкіх захопнікаў на тэрыторыі Боркавіч. Захаваліся дзённікі і стрыечнага брата Сяргея Цыры Мікалая Сцяпанавіча Фарынка – дырэктара дзіцячага дома ў Полацку, дзе знаходзілася 187 дзяцей. Ён пісаў: «Сяргей Цыра, лейтэнант Чырвонай арміі, камандзір кулямётнага ўзвода, у першыя дні вайны трапіў у палон, але неўзабаве яму ўдалося ўцячы, і ён жыў у бацькі ў Боркавічах. У лістападзе 1941 года Сяргей і яго брат Мікалай атрымалі заданне па зборы зброі і вярбоўцы мясцовых жыхароў у падпольныя партызанскія групы».

У канцы кастрычніка 1941 года ўжо сам Сяргей паведамляў групе «Адважныя» ў Полацку: «Завербаваны і прымаюць удзел у зборы зброі Леанід Свіржэўскі з вёскі Антонава, лейтэнант Чырвонай арміі; Мікалай Паўлёнак з Боркавіч; Кузьма Скоп – настаўнік Дзёрнавіцкай сярэдняй школы; Іван Дукшынскі, былы камсамольскі кіраўнік у Боркавічах; сем ваеннапалонных, што скрытна жывуць у вёсках Антонава і Зялёнаўшчына: Малаткоў, Сачэўскі, Сувораў, Саламахін, Салаўёў, Сокалаў і Вараб’ёў. Сабрана, змазана, запакавана ў скрынкі і закапана ў зямлю каля вёскі Жукава: станкавы кулямёт, дванаццаць рускіх вінтовак, чатыры скрыні патронаў і дзве стужкі да станкавага кулямёта «максім».

Ішлі тыдні, месяцы. Група Сяргея Цыры разрасталася. Да работы былі прыцягнуты Валодзя Бернатовіч, Валодзя Белянкоў, Барыс Паўлёнак,

браты Коля і Валодзя Садоўскія, лейтэнант Тварановіч, які ўцёк з палону, і іншыя. Падпольшчыкі раздавалі лістоўкі, якія прывозіў з Полацка Сяргей Цыра, збіралі радыёпрыёмнік і рэгулярна слухалі Маскву, запісвалі і распаўсюджвалі сярод мясцовага насельніцтва зводкі Савецкага Інфармбюро. Рабілі дыверсіі, вялі разведку. На 24-ю гадавіну Кастрычніцкай рэвалюцыі члены групы вывесілі на вялікім дрэве каля чыгуначнага вакзала чырвоны сцяг, пашыты з некалькіх піянерскіх гальштукаў.

Фашысты шукалі падпольшчыкаў. Але знайсці іх было не так проста.

У канцы 1942 года Сяргею Цыру даручылі адказнае заданне – здабыць прадукты для галадаючых дзяцей Полацкага дзіцячага дома. Падпольшчыкі вырашылі ўзяць хлеб і мясныя прадукты ў здраднікаў. Гэтую аперацыю Сяргей даручыў Валодзю Бернатовічу, Валодзю Беляю і Мікалаю Паўлёнку. Хлопцы пайшлі ў дом бургамістра вёскі Уладычына Пятра Шупейкі. Але сказалася іх нявопытнасць: той абяззброіў іх. На наступны дзень прозвішчы ўсіх трох сталі вядомы гестапа. Туды ж бургамістр аднёс пісталет, на якім былі надрапаны тры літары – «ЦСГ» (ініцыялы Сяргея Цыры). Сяргей і яго сябры былі арыштаваны і забіты. Пасля арышту Сяргея яго сястра Аня і яе сяброўка Фаіна Дудкіна дабраліся да Полацка і расказалі дрэнную навіну. Хтосьці паведаміў фашыстам, што часта ў кампаніі арыштаваных бачылі Івана Дукшынскага. І калі Іван тайком прабраўся дамоў, каб забраць закапаны ім у двары кулямёт, натыкнуўся на засаду. У гэты цяжкі для падпольшчыкаў час Аня Цыра і Фаіна Дудкіна распаўсюджвалі лістоўкі сярод моладзі. Але неўзабаве і яны былі схоплены і забіты. Аднаму Валодзю Белянкову ўдалося ўцячы за раку Дрысу, дзе яго прытулілі таварышы па сумеснай барацьбе.

Пасля гібелі Сяргея Цыры і яго паплечнікаў моладзь Боркавіч пачала групавацца каля настаўніка мясцовай школы Віктара Ягоравіча

Васілеўскага, які вярнуўся з акружэння. У склад групы, якую ён узначаліў, уваходзілі вучні Боркавіцкай сярэдняй школы Іван Костык, Сяргей Прышчапёнак, Фрыдрых Дуброўскі, Марыя Васілеўская, Шура Рубін, Коля Васілёнак, Коля і Валодзя Садоўскія, Зіна і Вера Савейка, Мікалай Геронак, яго бацька і маці. Добра заканспіраваная група Васілеўскага праіснавала да студзеня 1943 года, а затым амаль поўнасцю пайшла ў партызыны.

Мясцовыя жыхары захоўваюць памяць пра маладых падпольшчыкаў, на іх жыцці і подзвігу вучацца патрыятызму сённяшнія школьнікі. Жыццё працягваецца, дае свае ўрокі.

Падрыхтаваў Аляксандр Азерскі.

Фота з адкрытых крыніц.