Автор: . Дата создания:

У праграме святкавання Дня Перамогі на Міёршчыне быў і кранальны момант адкрыцця сімвалічнай скульптуры “Дзеці міру – дзецям вайны”. Пасля мітынгу на плошчы Памяці Загінулых Барацьбітоў яго ўдзельнікі калонай прайшлі на скрыжаванне вуліц Камуністычная і Кірава, дзе ў гарадскім скверы на невялікай пляцоўцы пастаўлены адзін на адзін 5 гранітных кубікаў – звычайныя атрыбуты дзіцячых забаў, якіх была пазбаўлена дзятва ў гады ваеннага ліхалецця. Хлопчыкам і дзяўчынкам давялося галадаць і мерзнуць, жыць у пастаяннай небяспецы… І марыць пра час, калі наступіць мір. Гэту іх надзею перадае белы голуб, які вянчае піраміду. Ён гатовы ўзляцець у блакіт неба і вярнуцца на зямлю, дзе няма стрэлаў, выбухаў, гора…

Дзецям было дадзена права і адкрываць скульптуру. Пераможцы леташняга паэтычнага конкурсу “Шчасце жыць у мірнай краіне” Іван Кавалеўскі, Лізавета Шчарбіцкая і Вячаслаў Кукуць прачыталі свае вершы, прысвечаныя Вялікай Перамозе, група членаў клуба ЮНЕСКА “Адраджэнне” з СШ №3 імя Героя Савецкага Саюза Ягора Томкі паказала сваю тэматычную праграму. Дарэчы, менавіта гэта аматарскае аб’яднанне тры гады назад унесла прапанову ўшанаваць памяць пра дзяцей вайны спецыяльным знакам.

І вось перарэзана стужка. Старшыня райвыканкама Ігар Кузняцоў нагадаў пра панесеныя страты ў гады вайны і пра мужнасць дзяцей і дарослых, якія не схілілі галавы перад акупантамі, многія сталі ў рады супраціўлення, а пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаўактыўна ўзнімалі з папялішчаў гарады і вёскі, аднаўлялі народную гаспадарку, мацавалі эканоміку краіны.

Тэму подзвігу савецкага народа ў гады Вялікай Айчыннай, лёсу ваеннага пакалення, важнасці патрыятычнага выхавання ў нашы дні працягнула старшыня абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання “Беларускі фонд міру” Таццяна Туманава. За работу сярод моладзі і фінансавую падтрымку Фонду міру яна ўручыла ганаровыя граматы і падзякі лепшым пярвічкам і актывістам. Сабраныя грошы ідуць на ажыццяўленне добрых спраў, падкрэслівала яна. Так, пры падтрымцы райвыканкама ў Міёрах быў рэалізаваны праект у гонар дзяцей вайны.

Шчырасць слоў, выказаных пры адкрыцці скульптуры, пачуцці прысутных, сярод якіх было шмат менавіта дзяцей вайны, надалі асаблівую эмацыянальнасць урачыстасці.

Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА