У межах цыкла мерапрыемстваў, прымеркаваных да 80-годдзя Віцебскай вобласці, у абласной бібліятэцы прайшла літаратурна-музычная вечарына «Альманаху «Дзвіна: Віцебшчына літаратурная» – 60!». Абедзвюм датам была прысвечана тэматычная кніжная выстава «Віцебская вобласць: вехі гісторыі».
Начальнік галоўнага ўпраўлення ідэала-гічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Генадзій Ягораў узгадаў багатыя асветніцка-літаратурныя традыцыі Віцебшчыны, закладзеныя славутымі землякамі і прадоўжаныя іх паслядоўнікамі, адзначыў важкі ўклад у развіццё сучаснага прыгожага пісьменства літаратараў нашай вобласці.
Адзін з яскравых прыкладаў – альманах «Дзвіна», у першым выпуску якога друкаваліся аўтары, чыя творчасць потым стала складнікам вялікай літаратуры: Янка Журба, Уладзімір Караткевіч, Давід Сімановіч, Анатоль Канапелька, іншыя паэты і празаікі.
А шосты выпуск, выдадзены летась пры падтрымцы абласной улады, прадставіў больш за 100 аўтараў розных пакаленняў.
Свае вершы падчас вечарыны прачыталі лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі старшыня абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Тамара Краснова-Гусачэнка, уладальнікі абласных літаратурных прэмій імя Уладзіміра Караткевіча і Петруся Броўкі – Галіна Загурская і Алена Фядзяева адпаведна, Уладзімір Папковіч, адзначаны Віцебскай гарадской прэміяй творчай інтэлігенцыі «Сузор’е муз», а таксама Алена Крыклівец, Пётр Буганаў, Ірына Радзіхоўская.
Аздобай мерапрыемства стала выступленне народнага ансамбля музычных інструментаў «Кантраст» выкладчыкаў віцебскай дзіцячай школы мастацтваў №4. Шматлікія слухачы аддзячылі паэтам і педагогам апладысментамі.
Фота Дзмітрыя ОСІПАВА.