Больш за 70 майстроў з усіх куточкаў Беларусі і з-за яе межаў прынялі ўдзел у адкрытым абласным свяце-конкурсе народнай цацкі і лялькі «Забава-2021», які традыцыйна прайшоў у рамках «Славянскага базару».
- шэсць гадоў назад у Віцебску нашы майстры зладзілі арыгінальнае свята, на якім можна пазабаўляцца з цацкамі і лялькамі, што стварылі сваімі рукамі. Поспех быў велізарны і даў пачатак руху. За гэтыя гады майстры набраліся вопыту, падрасло і новае пакаленне. А зусім нядаўна віцебская гліняная цацка як з’ява нацыянальнай культуры ўнесена ў дзяржаўны рэестр гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, – адзначыў старшыня журы спаборніцтва, доктар мастацтвазнаўства ДНУ «Цэнтр даследаванняў беларусскай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі», старшыня Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Яўген Сакута.
Удзельнікі конкурсу прадставілі работы ў сямі намінацыях: лепшая хатняя калекцыя, народная цацка з гліны, народная цацка з тэкстылю, традыцыйная рухомая цацка з дрэва, аўтарская цацка з дрэва, народная цацка з прыродных матэрыялаў, тэатральная лялька.
Ляльку пад назвай «Забава» з лазы і кары памерам амаль два метры стварылі член Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Алена Гурэцкая з Мінска і Любоў Семеш з Глыбоцкага раёна нашай вобласці.
– Такія лялькі лічыліся моцным абярэгам, – расказала Алена. – Складанасць пры стварэнні была ў тым, што ў нас адсутнічалі шаблоны, аднавілі ўсё самі. Мы зрабілі ўжо дарослую даму, бо ўзрост і «Славянскага базару» немаленькі – 30 гадоў.
Кіраўнік народнага клуба майстроў «Дубрава» з Дубровеншчыны Вольга Аляксеева прадставіла рэплікі традыцыйнай марачоўскай свістулькі, якая ў 2020 годзе атрымала статус гісторыка-культурнай каштоўнасці нашай краіны.
– Іх стварэннем займаюся тры гады, – расказала жанчына. – Ад іншых яны адрозніваюцца тым, што не маюць узораў, пластычныя.
Самы юны ўдзельнік конкурсу – адзінаццацігадовы Багдан Перацятка з Украіны — прывёз коз з джута.
– З гэтым відам народнай творчасці пазнаёміўся на майстар-класе, і адразу ён мне спадабаўся. Ствараю ўсё сам: і коз, і ўборы для іх, – сказаў хлопец.
Фота Дзмітрыя Осіпава.