У Браславе ёсць «Булкін дом», дзе прадаюць па вечарах хлеб і здобу, як кажуць, з пылу з жару.
Прыватная пякарня рэалізуе сваю прадукцыю з 8 гадзін вечара да 2 гадзін наступнага дня.
У пякарню-магазін трапіла з чарговай партыяй пакупнікоў і была прыемна ўражана: твары галоўных дзеючых асоб былі знаёмыя, пра гаспадара пякарні Уладзіміра Свірыдзенку і яго памочніка па маркетынгу Ілью Дзянісава, больш вядомага як Галяш Сялява, даводзілася пісаць раней. Абодва — асобы ў райцэнтры вядомыя. Першы — як прадпрымальнік-хлебапёк, другі — таленавіты чалавек з актыўнай пазіцыяй. Аказалася, жыццё звяло іх разам.
Уладзімір з памочніцай на вялікай кухні фармавалі хлябы і булачкі, адпраўлялі іх у печы — рабілі гэта на вачах пакупнікоў, якія маглі назіраць за працэсам вырабу прадукцыі, якую жадалі купіць. На стале ляжала некалькі боханаў хлеба, і спачатку адна сям’я, а за ёй другая заплацілі за іх і пачалі на месцы адломліваюць кавалак за кавалкам і адпраўляць у рот.
— Пахі выклікалі такі апетыт, што не пакласці чаго-небудзь у страўнік — сабе нашкодзіць, — патлумачыла адна з жанчын, што стаяла ў чарзе з сынам і дачкой. — Хлеб таксама смачны, напэўна, да дому несці не будзе чаго.
Вось ужо і хлеба не засталося на стале. Народ захваляваўся, як хутка будзе гатова партыя выпечкі. Гаспадар супакоіў:
— Пацярпіце яшчэ хвілін пяць. Дапякаюцца булачкі з варэннем і смятаннікі.
Смятаннікі — фірменны прадукт Свірыдзенкі. Яго рэцэптуру распрацаваў сам, а пакупнікі далі назву «лодачка» — па форме, у якой выпякаюцца.
— Мне дзве, мне чатыры, — заказваюць пакупнікі. Хвіліна-другая — і дзве бляхі апусцелі.
За гадзіну, што назіраю ці размаўляю з маладой камандай браслаўскага прадпрымальніка, колькасць пакупнікоў павялічваецца.
— Трэба нарошчваць аб’ёмы, — кажу Уладзіміру. — Бачыш, справа пайшла, попыт трывалы, не паспяваеш задавальняць. Заваяваў рэпутацыю, істотна расшырыў асартымент. І ўсё за няпоўныя чатыры гады. Можна ўжо з упэўненасцю гаварыць, што твой бізнес удаўся. Чула, што і падтрымку ў конкурсе стартапаў атрымаў.
— Так, — адказаў Уладзімір. — Спадзяюся, што змагу набыць сучасныя печы, павялічыць аб’ём выпечкі і праводзіць майстар-класы для жадаючых спасцігнуць тэхналогію выпечкі здобы ў хатніх умовах. Хацелася б мець сваё кафэ, дзе можна было б з нашай здобай папіць гарбаты ці кавы… Але, каб стаць сур’ёзным дзелавым чалавекам, трэба многае яшчэ зрабіць і многага дасягнуць.
Фота Тамары ПАШКЕВІЧ