Можна жыць у невялікім гарадку і быць вядомым далёка за межамі свайго раёна і нават краіны. Вось і міярчанка Ларыса Кузьміна з нядаўняй пары стала знакамітым аэрадызайнерам.
Яе запрашаюць на выставы, конкурсы, прапануюць працу ў вялікіх гарадах. У партфоліа жанчыны дыпломы глядацкіх сімпатый і за перамогу ў міжнародных спаборніцтвах, водгукі ўражаных творчасцю мастака гледачоў. А матэрыялам для яе работ служаць звычайныя паветраныя шарыкі, з якіх яна можа «пабудаваць» дом, «пашыць» убор, «пасадзіць» яркі кветнік – адным словам, стварыць такую прыгажосць, ад якой цяжка адарваць вочы.
– Аэрадызайнам захапілася нечакана, – расказала Ларыса. – Дачка выходзіла замуж, патрабаваліся грошы, у тым ліку на афармленне залы. Абставіны прымусілі ўзяцца за яе ўпрыгажэнне самой. Вось тады ўпершыню скарыстала паветраныя шарыкі, а потым занялася гэтай справай сур’ёзна.
Каб не даходзіць да ўсіх тонкасцей метадам спроб і памылак, Ларыса Кузьміна паехала на курсы ў Маскву. Беларуску, якая падавала надзеі стаць першакласным аэрадызайнерам, педагогі заўважылі. І калі спатрэбілася сфарміраваць каманду на конкурс у Славенію, Ларысу запрасілі ў яе склад. Там менавіта іх рабоце гледачы аддалі перавагу.
Яшчэ праз год Ларыса Кузьміна заваявала два асабістыя дыпломы за першае і другое месца на чарговым конкурсе, пасля чаго атрымала запрашэнне на работу ў Маскву, дзе займалася афармленнем вялікіх залаў гандлёвых сетак.
Толькі жыць на дзве краіны жанчына не змагла. У Міёрах з бабуляй былі яшчэ дзве яе дачкі – Крысціна і Саманта. Таму Ларыса Кузьміна сабрала рэчы і паехала назад, палічыўшы, што ўсіх грошай не заробіш.
У райцэнтры адкрыла невялікі магазін, дзе прадае паветраныя шарыкі, прыгожыя белыя ружы, якія вырабляе сама, стужкі і іншыя аксесуары, неабходныя ў афармленні інтэр’ера. Таксама бярэ заказы на ўпрыгажэнне залаў з нагоды розных урачыстасцей. Жыццём задаволена: пабудавала дом, пасадзіла ля яго сад, выгадавала трох дачок.
Магчыма, з-за таго, што ўсё давялося рабіць самой, яна разумее праблемы іншых, стараецца падтрымаць, падарыць радасць. За гэта яе называюць прадаўцом шчасця і добрым словам успамінаюць у дзіцячых арганізацыях, працоўных калектывах – усе, каму дапамагла стварыць святочны настрой.
Фото Тамары ПАШКЕВИЧ