Сярод міёрскіх прадпрымальнікаў, удзельнікаў семінараў, якія праводзіў Віцебскі абласны цэнтр маркетынгу, самым актыўным суразмоўцам з дакладчыкамі быў Юрый Кураш. Яго цікавілі розныя аспекты развіцця малога прадпрымальніцтва, і калі пазней ён аказаўся ў ліку пераможцаў конкурсу малых праектаў, гэта не здзівіла.
Адслужыўшы 20 гадоў у пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №1 Міёрскага РАНС начальнікам каравула, Юрый Кураш выйшаў на пенсію. Але не мог сядзець дома і займацца толькі хатнімі справамі, пачаў шукаць сабе новае прымяненне.
— Ідэй было шмат, але хацелася чагосьці незвычайнага, — расказвае ён пра свае прад-прымальніцкія пошукі. — Спыніўся на лазертагу, бо ім ні ў нашым, ні ў суседніх рэгіёнах ніхто не займаўся. Такі актыўны адпачынак падыходзіць і дарослым, і дзецям, бо праціўніка ў гульні паражаюць абсалютна бяспечным інфрачырвоным прамянём.
Але на выбар гульні «ў вайну», мяркую, паўплывалі не толькі гэтыя фактары. Па-першае, шматгадовая служба ў МНС, а па-другое, як высветлілася, здымкі ў ваенных фільмах.
– Гэта ўсё стараннямі старэйшай дачкі Юлі. Яна знайшла ў інтэрнэце інфармацыю пра кастынг на ролі ў фільме «Героеўскі», які павінен быў адбыцца ў Міёрах. На яго і павяла мяне і малодшую сястру. Адбор прайшоў. Так у мяне з’явіліся знаёмыя на «Беларусьфільме», якія цяпер, калі патрэбны акцёры для эпізадычных роляў, запрашаюць мяне. Прапановы прымаю з ахвотай.
Працэс здымак захапляе, прызнаецца Юрый Аляксандравіч. Гэта новыя знаёмствы, зносіны з акцёрамі, іншымі цікавымі людзьмі. Здараецца, на адзін невялікі эпізод затрачваецца ўвесь дзень, бывае, вельмі стамляешся. Напрыклад, калі здымаліся ў ваеннай драме «Дарога да маці», была спёка, давялося некалькі разоў бегчы па пяску, падаць, зноў уставаць і бегчы далей. Вось тады і падумаў, як жа няпроста было нашым салдатам у гады Вялікай Айчыннай.
Таму не дзіўна, што ваенізаваная гульня аказалася яму самому блізкай і цікавай. Такой яна стала ўжо і для соцень жыхароў Міёрскага і суседніх раёнаў.
– Летам заказаў хапае, – расказвае Юрый Аляксандравіч. – Браслаўскія турбазы і БРСМ прапануюць гульню для адпачываючых, у ваенна-патрыятычных летніках. Рэгулярна запрашае санаторый «Расінка». Супрацоўнічаў з Верхнядзвінскам. Зімой горш, таму трэба асвойваць яшчэ штосьці.
Гледзячы на характар, мэтанакіраванасць Юрыя Кураша, можна не сумнявацца, што знойдзе.