Сярод тых, каго ўлады Міёрскага раёна вылучылі за работу па навядзенні парадку на зямлі, — прадпрымальнік Аляксандр Каваленка.
Чалавек ён гаспадарлівы, актыўны, – сказала пра яго старшыня Язненскага сельскага Савета дэпутатаў Валянціна Фядзьковіч. – Трымае ў парадку не толькі тэрыторыю сваёй сядзібы і вытворчай зоны. Часта дапамагае сельвыканкаму ў добраўпарадкаванні. Вось і на экалагічным фестывалі «Жураўлі і журавіны» ёсць яго ўклад у афармленне язненскага падворка.
Заснавальнік сялянска-фермерскай гаспадаркі трапіў на Міёршчыну ўслед за жонкай, якая атрымала размеркаванне ў Язненскую музычную школу.
Малады новапалачанін скончыў політэхнічны тэхнікум, працаваў на «Нафтане», у мясцовай гаспадарцы яму прапанавалі пасаду механіка. У сям’і чакалі папаўнення. Здавалася, здымацца з месца не лепшы час. Але і ў горадзе сітуацыя была цяжкай. А на Язненшчыне ў вёсцы Курылавічы жыў дзядуля, які ў крайнім выпадку мог прытуліць маладых, падтрымаць іх.
У калгасе «Язна» Аляксандр набыў свой першы працоўны вопыт. З уласцівай юнакам катэгарычнасцю адразу хацеў многае змяніць у вядзенні сельскагаспадарчай вытворчасці. Лічыў, што трэба па-іншаму падыходзіць да арганізацыі працы, тады і вынік будзе лепшым. Але да яго прапаноў кіраўніцтва гаспадаркі не асабліва прыслухоўвалася. І прыйшоў момант, калі Аляксандр вырашыў сам заняцца фермерствам.
Час, як перакананы цяпер, выбраў правільна. Зямлю сялянскім гаспадаркам выдзялялі хутка, даступнымі былі і крэдыты для набыцця тэхнікі. Так на Міёршчыне з’явілася сялянска-фермерская гаспадарка.
Вось ужо 25 гадоў Аляксандр Мікалаевіч жыве ў Курылавічах. Спачатку аформіў у пажыццёвае спадчыннае валоданне 12 гектараў зямлі.
У крэдыт набыў трактар, навясныя і прычапныя агрэгаты, пачаў узводзіць хлявы і іншыя гаспадарчыя пабудовы, завёў жывёлу. Трымаў па 5 – 6 кароў, свіней, свойскую птушку. І перажыў самыя цяжкія часы палітычнага і грамадскага разладу з татальным дэфіцытам на ўсё, крушэннем эканомікі.
Пакрыху пашыраў свае ўгоддзі, меў ужо каля 35 гектараў. Палову іх адвёў пад бульбу, на якую ўзнік вялікі попыт. Для ўборкі клубняў набыў камбайн, абзавёўся сартавальным пунктам.
«Камерцыю пазнаваў народным метадам памылак»
– Камерцыю пазнаваў народным метадам памылак, – расказвае Аляксандр Каваленка. – Патрэбна была бульба – вырошчваў яе, лёгка збываў, меў неблагія грошы. Але та-кім разумнікам аказаўся не адзін. Многія вяскоўцы таксама ўбачылі выгаду і пачалі вырошчваць бульбу. Урэшце прапанова перабольшыла попыт, цана ўпала. Не адна тона клубняў згніла тады і ў маім сховішчы. Гэта быў не першы, але, бадай, самы значны ўрок у прадпрымальніцкай дзейнасці.
Прыйшло разуменне, што трэба пастаянна сачыць за кан’юнктурай рынку, займацца развіццём сваёй гаспадаркі, не зацыклівацца на адным накірунку дзейнасці, мець два, а лепш тры.
У выніку Аляксандр Мікалаевіч зменшыў пасяўную плошчу, стаў спецыялізавацца на вырошчванні рапсу, самай на сённяшні дзень прыбытковай культуры ў земляробстве. Сёлета намалаціў 25 тон насення, якое прадасць дзяржаве па закупачных цэнах і будзе мець важкую прыбаўку ў касу сялянскай гаспадаркі.
Акрамя раслінаводства, гаспадар абзавёўся вытворчым участкам па дрэваапрацоўцы
Набыў стужкавую пілараму і ацэліндровачны станок, грузавы транспарт. Лес закупляе ў Дзісненскім лясгасе, узамен аказвае таму свае паслугі. Вырабляе піламатэрыялы, зрубы дамоў, лазняў, альтанкі, агалоўкі калодзежаў, прыбіральні, нарыхтоўвае дровы. Праўда, кажа, у апошні час заказаў паменшала. Людзі будуюцца па-ранейшаму, але выдаткоўваюць грошы толькі на самае неабходнае.
Фермерская гаспадарка корміць не толькі сям’ю Каваленкаў. У лепшую пару яна давала работу яшчэ 10 – 15 мясцовым жыхарам. Цяпер гаспадар вымушаны скараціць колькасць працоўных месцаў. Многае робіць сам, улікам і справа-здачнасцю займаецца жонка.
– Крызісы мінаюць, – упэўнены Аляксандр Мікалаевіч. – Наша дзяржава робіць усё, каб яго наступствы менш закраналі насельніцтва, чарговае пацверджанне – новыя льготы для развіцця прадпрымальніцтва.
Чалавеку прапануюць актыўна брацца за ўласную справу і ствараюць для гэтага ўмовы. Але галоўнае, лічу, жаданне самога чалавека працаваць, прымаць самастойныя рашэнні і іх рэалізоўваць. Свабодных ніш на рынку яшчэ многа.
Аляксандр Каваленка таксама разлічвае на падтрымку дзяржавы. Ён мог бы пашырыць дрэваапрацоўку, але для падключэння дадатковых станкоў не хапае электраэнергіі. Падстанцыя знаходзіцца метраў за 300 ад сядзібы. Але ў мясцовым бюджэце і ў самога прадпрымальніка на пошукавыя работы, праект і новую электралінію пакуль няма сродкаў. Ён гатовы пачакаць, бо перакананы: наперадзе яшчэ багата часу для творчай і працоўнай актыўнасці.