ААТ “Мікалаёўскі”, што на Міёршчыне, да пачатку стойлавага перыяду плануе здаць у эксплуатацыю сучасны малочнатаварны комплекс больш чым на 500 галоў дойнага статка.
Пад яго прыстасавалі два арачнікі, якія доўгі час не выкарыстоўваліся. Іх дабудавалі і маюць намер аб’яднаць агульнай даільнай залай. Ангар для захоўвання кармоў і адзін кароўнік практычна гатовы для эксплуатацыі. Работы вядуцца на другім і на малочнай зале, дзе заняты спецыялісты «Капіталдрэўпрадукта», малога прадпрыемства «Будкамплектналадка», брэсцкія і свае рабочыя.
Комплекс узводзіцца гаспадарчым спосабам, што, з аднаго боку, змяншае кошт будаўніцтва, з другога – патрабуе істотных укладанняў уласных сродкаў, якіх сельгаспрадпрыемству, па словах дырэктара Аляксея Лаўрыновіча, не стае. З пачатку будаўніцтва ў яго ўклалі ўжо больш мільёна рублёў. З улікам завяршэння работ і аснашчэння комплексу сучасным абсталяваннем спатрэбіцца яшчэ мінімум столькі ж. Але ўкладанні павінны акупіцца. Гаспадарка пазбавіцца невялікіх, раскіданых па тэрыторыі сельгаспрадпрыемства ферм, сканцэнтруе буйную рагатую жывёлу ў адным месцы, укараніць у поўным аб’ёме тэхналогіі па яе ўтрыманні і даенні, што, падлічана, дазволіць атрымаць дадаткова ў год 2120 т малака і выручку ў суме 1697 тысяч рублёў.