– Наша асноўнае багацце – людзі,– першае, што я пачула ад кіраўніцтва прадпрыемства. Людзі зацікаўлены ў захаванні прадпрыемства, бо нягледзячы на розныя калізіі, не сышлі, разам перажылі ўсе цяжкасці. У іх ліку Альдона Петрашкевіч, якая 40 гадоў таму пасля школы прыйшла працаваць у тады яшчэ рыбгас апрацоўшчыцай рыбы. І сёння, атрымаўшы права на пенсію, працягвае займацца гэтай работай, не саступае маладым работнікам. Дзясяткамі гадоў вымяраецца стаж апрацоўшчыц Жанны Панцялейка, Вольгі Лысовай, загадчыцы лабараторыі Ліліі Шульга і іншых. Па ўзросце палова калектыву – ветэраны, палова – новыя кадры, якія паспяхова асвойваюць прафесію. Сярод іх у апошні час вызначыўся слесар Дзмітрый Марозаў. За кароткі тэрмін рабочы вырас з трэцяга да пятага разраду, можа самастойна адрамантаваць любы механізм на перапрацоўчых лініях, за што да прафесіянальнага свята адзначаны Ганаровай граматай райвыканкама.
Баланс вопыту і энергіі робіць прадпрыемства прафесіянальна моцным, накіраваным на адну мэту – дабіцца стабільнасці ў рабоце.
У калектыва “Браслаўрыба” ёсць яшчэ адна асаблівасць, якая прама і вельмі ярка характарызуе яго актыўнасць і з’яднанасць. Ніводнае раённае масавае мерапрыемства не праходзіць без яго ўдзелу. На турыстычным злёце, у лесе на “Дзень грыбніка”, на спартыўных спаборніцтвах, на сцэне РДК каманда прадпрыемства заўсёды ў ліку першых. Магчыма, таму і не спраўдзіліся сумненні кадравай службы, што сфарміраваць трэцюю брыгаду па перапрацоўцы рыбы будзе цяжка. На аб’яву адгукнуліся многія браслаўчане. У пачатку снежня новы калектыў з 23 чалавек прыступіў да работы. Цяпер ідзе набор у чацвёртую.
Такія імклівыя змены адбываюцца тут з восені. На расійскім рынку знойдзены спажыўцы браслаўскіх кансерваў, з якімі заключаны дагавор на пастаўку да 1 верасня 2017 года. Па дакументах кошт на іх будзе вызначацца зыходзячы з сітуацыі на рынку на дзень адгрузкі кожнай партыі.
А гэта новыя кансервы з кавалачкаў ласося, фарэлі, сёмгі, якіх расійскі бок гатовы купляць па мільёну бляшанак у месяц. А да іх яшчэ і традыцыйныя “Кількі ў тамаце”.
Дарэчы, тэхнічныя ўмовы па вырабе новых відаў прадукцыі распрацавалі ў лабараторыі прадпрыемства. Займаецца гэтай адказнай справай тэхнолаг Алена Барткун – выдатны спецыяліст і адказны чалавек. На яе рахунку дзясяткі ТУ, на частку якіх ужо атрыманы сертыфікат адпаведнасці, у тым ліку на кількі з яблыкамі, саджалкавую і азёрную рыбу ў жэле... Алена асабліва ганарыцца тым, што на этыкетках іх кансерваў не знойдзеш кампанентаў з Е, бо яны выпускаюцца па традыцыйнай тэхналогіі без прымянення ўзмацняльнікаў смаку, фарбавальнікаў, кансервантаў.
– “Той самы смак”– гэта пра нас,– гаворыць яна.
На прадпрыемстве гатовы выпускаць да 60 новых відаў кансерваў, адмаўляючыся ад незапатрабаваных і павялічваючы тыя, што маюць попыт у пакупніка. Сёння гэта вырабы з чырвонай рыбы. Іх у лістападзе адгрузілі ў Расію 460 тысяч бляшанак, у снежні плануюць 600 тысяч.
Маркетынгавая служба пастаянна адследжвае каньюктуру рынку, вывучае вопыт асваення новых тэрыторый для збыту прадукцыі прыбалтыйскімі суседзямі. Пробная партыя шпротаў адпраўлена ў адпаведную службу на атрыманне права на выпуск. Па меркаванні работнікаў лабараторыі, яны атрымаліся па не горшыя за прыбалтыйскія і расійскія.
Сярод станоўчых змен і мадэрнізацыя вытворчасці. Паспяхова эксплуатуюцца дзве закатачныя машыны, дазатар соусу, паведміла начальнік вытворчасці Вольга Баравік. Зманціраваны і чакаюць свайго часу сучасныя аўтаклавы. Тут спадзяюцца, што ў 2015 годзе будзе зроблена яшчэ больш.
Ёсць істотныя зрухі ў змяншэнні складскіх запасаў прадукцыі. Спецыялісты мяркуюць, што ў наступным годзе забяспечаць станоўчае сальда знешняга гандлю.
Тамара Пашкевіч.