Автор: . Дата создания:

Па выніках абласнога агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю работы па ахове працы сярод прамысловых прадпрыемстваў з колькасцю працоўных ад 100 да 500 чалавек адкрытаму акцыянернаму таварыству “Торфабрыкетны завод Браслаўскі” прысуджана першае месца.

Перамога – вынік вялікай працы па рэканструкцыі прадпрыемства, пасля якой адміністрацыйны будынак, брыкетны цэх, іншыя памяшканні сталі радаваць вочы яркасцю фарбаў, чысцінёй і парадкам – тэрыторыя. Летам тут буяюць зеляніна і кветкі.

Сыравіна для вырабу брыкетаў засталася ранейшай, але кардынальна змянілася культура вытворчасці. Мяняючы абсталяванне на больш сучаснае, тут думалі не толькі пра нарошчванне аб’ёмаў выпуску паліва, але не менш і пра ўмовы працы для рабочых. Пыл з брыкетнага цэха выцягвае вентыляцыя. Намнога лепшым стала асвятленне. Зручна ўладкаваны рабочыя месцы. Ёсць дзе памыцца, паабедаць. У адведзеным для гэтага памяшканні пастаўлены халадзільнік, мікрахвалевая печ, чайнікі, посуд.

Дарэчы, на торфабрыкетным заводзе тры такія бытавыя пакоі для прыёму ежы. У сезон здабычы і на торфаўчастку абсталёўваюць месцы для пераапранання, душавыя, сталовую, у якой рабочых кормяць гарачым абедам і падвячоркам.

 – Я некалі працаваў на заводзе, але звольніўся, – расказаў аператар кацельні Валерый Крупскі. – Цяпер вярнуўся, бо ўсё тут змянілася да лепшага. Спецаддзенне выдаецца па графіку, на зіму далі цёплыя курткі і абутак. Штомесяц вопратку збіраюць і адвозяць у пральню КБА.

Умовы працы, перакананы дырэктар прадпрыемства Сяргей Ракаў, немалаважная частка яе бяспекі.

Але на прадпрыемстве не спісваюць з рахунку і чалавечы фактар. Акрамя вызначанага законам парадку інструктажоў па тэхніцы бяспекі тут выкарыстоўваюць любую магчымасць нагадаць пра яе людзям. Здарылася нешта на адным з прадпрыемстваў вобласці – інжынер па тэхніцы бяспекі Вольга Карагіна, іншыя спецыялісты разбяруць прычыны чужой бяды, правераць, ці можа адбыцца штосьці падобнае на ўласнай вытворчасці, у чарговы раз правядуць вучобу з рабочымі. Па адным такім факце арганізавалі спецыяльную падрыхтоўку рабочых, занятых на ўздымных механізмах, і 8 чалавек здалі экзамен па прафесіі стропальшчык.

Для заняткаў на заводзе абсталяваны сучасны кабінет, аснашчаны нагляднымі дапаможнікамі, плакатамі, стэндамі, тэлевізарам з навучальнымі праграмамі, відэаролікамі па ахове працы, пажарнай бяспецы і бяспецы дарожнага руху... Ёсць і чатыры апараты “Алкатэст” для праверкі работнікаў на наяўнасць у арганізме алкаголю.

Давялося паназіраць, як Вольга Карагіна тлумачыла працэс тушэння электрачайніка. Здаецца, сітуацыя бытавая, але і на вытворчасці ёсць электрапрыборы, трэба прадбачыць магчымасць і такога здарэння.

– Стараемся навучыць работнікаў не толькі бяспецы працы на вытворчасці, але і ў розных жыццёвых сітуацыях. Да таго, што ўжо маем, дырэкцыя мае намер набыць манекен-трэнажор і імітатар раненняў і паражэнняў, патрэбныя для адпрацоўкі навыкаў даўрачэбнай дапамогі, – расказала Вольга Карагіна.

– Ведаеце, што радуе, – падзяліўся сваімі назіраннямі слесар тэхналагічнага абсталявання Аляксей Марозаў, – клопат пра ўмовы і бяспеку працы не спыніўся з заканчэннем рэканструкцыі завода. І сёння дырэкцыя працягвае гэту работу.

У цэлым жа за 11 месяцаў 2019 года на набыццё спецвопраткі і спецабутку, сродкаў індывідуальнай абароны выдаткавана больш за 15 тысяч рублёў.

У добрых умовах і працуецца добра. Планава асвойваюцца новыя магутнасці прадпрыемства. Стабільную работу калектыву гарантуе запас фрэзернага торфу, якога ў 2019-м нарыхтавана 95 тысяч тон, амаль на 14 тысяч больш, чым ў 2018.

Фота Тамары ПАШКЕВІЧ.